Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск задаволены ўкраінска-амэрыканскімі вучэньнямі


Амэрыканскія вайскоўцы на адкрыцьці вучэньняў Rapid Trident-2017 ва Ўкраіне

Міністэрства абароны Беларусі выказала задавальненьне вынікамі назіраньня за ўкраінска-амэрыканскімі камандна-штабнымі вучэньнямі Rapid Trident-2017. Гэта адзначаецца на афіцыйным сайце беларускага ведамства.

Мінабароны паведамляе, што адначасова з вучэньнямі «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі, якія з 16 па 20 верасьня наведалі па два прадстаўнікі ад Латвіі, Літвы, Эстоніі, Нарвэгіі, Польшчы, Украіны і Швэцыі, беларускія вайсковыя назіральнікі наведалі ўкраінска-амэрыканскія камандна-штабныя вучэньні Rapid Trident-2017 ва Ўкраіне.

«Паводле сваіх парамэтраў названыя вучэньні не перавышалі парогавыя ўзроўні, вызначаныя для назіраньня Венскім дакумэнтам 2011 году аб захадах умацаваньня даверу і бясьпекі», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

Паводле Мінабароны, Беларусь і Ўкраіна запрасілі назіральнікаў за вайсковымі вучэньнямі на сваіх тэрыторыях на добраахвотнай аснове, «зыходзячы з імкненьня да разьвіцьця супрацоўніцтва і добрасуседзтва, а таксама прынцыпаў адкрытасьці і транспарэнтнасьці».

Манэўры Rapid Trident-2017 праходзяць на тэрыторыі Львоўскай вобласьці з 11 па 23 верасьня. У іх бяруць удзел каля 2500 вайскоўцаў зь пятнаццаці краінаў, уключаючы Злучаныя Штаты, Вялікую Брытанію, Баўгарыю, Канаду, Эстонію, Італію, Грузію, Літву, Малдову, Нарвэгію, Польшчу, Румынію, Турэччыну. Паведамляецца, што больш за тысячу чалавек прадстаўленыя вайскоўцамі з Украіны, у пераважнай большасьці якіх ёсьць вопыт удзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей.

Беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017» праходзілі з 14 па 20 верасьня.

XS
SM
MD
LG