Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У верасьні 2013-га Пуцін і Лукашэнка разам сядзелі ў акопах. Чаму сёлета назіралі за манэўрамі паасобку?


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведаў актыўную фазу манэўраў на 227-м агульнавайсковым палігоне «Барысаўскі». 20 верасьня 2017 году

За апошняй стадыяй сумесных расейска-беларускіх вучэньняў галоўныя вайскаводы ўзброеных сілаў так званай «саюзнай дзяржавы» назіралі асобна.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін напярэдадні праінспэктаваў палігон «Лускі» ў Ленінградзкай вобласьці, Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў актыўную фазу манэўраў на 227-м агульнавайсковым палігоне «Барысаўскі».

Падчас аналягічных вучэньняў у верасьні 2013 году Пуцін і Лукашэнка разам сядзелі ў акопах, прычым двойчы: спачатку на беларускім палігоне «Госкі», а затым у Калінінградзкай вобласьці.

Вазьняк: асабістая непрыязнасьць не перашкодзіць вырашэньню стратэгічных пытаньняў

Верагоднасьць таго, што кіраўнікі дзяржаў сустрэнуцца і сёлета, абмяркоўвалася да апошняга.

Як удакладнілі ў прэсавай службе Лукашэнкі, бакі вялі кансультацыі праз розныя каналы, у тым ліку разглядаліся варыянты ўдзелу на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Аднак афіцыйнага запрашэньня наведаць Расею прэзыдэнту Беларусі не паступала.

У сваю чаргу Ўладзіміру Пуціну было накіравана запрашэньне прыехаць у Беларусь, але афіцыйнага адказу так і не дачакаліся.

Што азначае ўзаемнае ігнараваньне Пуціна і Лукашэнкі? Радыё Свабода запытала экспэртаў, ці значыць гэта, што вялікія манэўры яшчэ больш абвастрылі і без таго няпростыя стасункі палітычных лідэраў?

Маёр танкавых войскаў у запасе, былы афіцэр штабу Беларускай вайсковай акругі, каардынатар грамадзянскага руху «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк лічыць, што складанасьці ва ўзаемаадносінах вышэйшых асобаў ва ўсіх навідавоку, але наўрад ці яны зьвязаныя зь цяперашнімі вучэньнямі:

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк

«Мы ўжо даўно назіраем пэўныя складанасьці ў дачыненьнях паміж кіраўнікамі дзьвюх дзяржаў. Але гэта не зьвязана канкрэтна з вучэньнямі „Захад-2017“. Проста пэрыядычна адбываюцца больш ці менш прыкметныя ўскладненьні, цяпер мае месца чарговы такі этап. Стасункі на працягу многіх гадоў, мякка кажучы, не зусім гладкія. Зьвязана гэта перадусім з тым, што Расея расчараваная ў сваіх надзеях на Беларусь. Шмат гадоў Крамлю абяцалі, што будзе адна дзяржава, адна валюта, разам сальёмся і ўсё такое іншае. А Лукашэнка так ці іначай зьяўляецца тормазам гэтага працэсу, таму менавіта адсюль, як я дапускаю, ідуць усе гэтыя ўскладненьні».

Калі Лукашэнка настолькі недамоваздольны, ці ёсьць верагоднасьць, што і вучэньні ў пэрспэктыве будуць яму толькі замінаць? Манэўры выклікалі надзвычай балючую рэакцыю ў Эўропе, а імідж саюзьніка краіны-агрэсара Беларусі дывідэндаў не прынясе.

Сяргей Вазьняк лічыць, што беларуска-расейскае супрацоўніцтва ў вайсковай галіне будзе разьвівацца нават на фоне халоднасьці ў асабістых адносінах Пуціна і Лукашэнкі:

«Нягледзячы на пэўныя шарахаватасьці, ёсьць больш глябальныя праблемы. Пры ўсіх нюансах Лукашэнка разумее: яму зараз без падтрымкі Расеі — перш за ўсё эканамічнай — будзе вельмі складана. Таму асабістая непрыязнасьць не перашкодзіць вырашэньню стратэгічных і геапалітычных пытаньняў. Значыць, вучэньні такога кшталту будуць адбывацца і далей. Плюс Беларусь знаходзіцца ў АДКБ, ёсьць куча пагадненьняў аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве, сумеснай ахове паветраных межаў і г.д. Нашы ракетчыкі праводзяць вучэньні на расейскіх палігонах. У Беларусі такіх палігонаў няма і быць ня можа, бо краіна маленькая. Уся наша армія на расейскім узбраеньні — пачынаючы ад запчастак і камплектных частак да боепрыпасаў і ўласна тэхнікі. Разарваць усё гэта за адзін раз немагчыма. Таму канфлікты будуць пэрыядычна тлець, але няма падстаў, каб зьмянілася агульная стратэгія».

Копыл: Лукашэнка вельмі хацеў бы паехаць у Расею, але яго папросту не пусьцілі

Маёр у адстаўцы Ільля Копыл, які больш за 25 гадоў адслужыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня, перакананы, што разам назіраць за заключнай фазай манэўраў Уладзіміру Пуціну і Аляксандру Лукашэнку перашкодзілі разыходжаньні, несумяшчальныя са знаходжаньнем на адным камандным пункце:

Ільля Копыл
Ільля Копыл

«Нішто не замінала, як у 2013-м, пабываць на вучэньнях і ў Расеі, і ў Беларусі. Але градус унутранага непрыняцьця дасягнуў такой мяжы, што, відаць, ім цяжка быць побач нават кароткі час. Да таго ж Пуцін лічыць так: тое, што нібыта ёсьць Беларусь — гэта ўсё ўмоўна. Ёсьць вялікая Расея, гэта галоўнае. А паколькі яго краіна, то і яго вучэньні. Яму тут Лукашэнка не асабліва і патрэбен... Вычытаў у вайсковага аналітыка Алесіна: каб падначаліць Беларусь, Расеі патрэбна 50 тысяч вайскоўцаў. На маю думку, каб захапіць Беларусь, хопіць і 3-5 тысяч, бо мы ня ведаем, як сябе будзе паводзіць беларуская армія. Таму што агульнае камандаваньне зь перакосам у бок Масквы. Мабыць, гэтым разам з-за падвышанай міжнароднай увагі „пранясе“, расейскія войскі выйдуць зь Беларусі. Аднак можа настаць такі момант, калі яны вырашаць і застацца».

На думку спадара Копыла, Лукашэнку, вядома, было б за гонар пастаяць побач з Пуціным хоць на якім палігоне, аднак іншае пытаньне, ці хоча гэтага гаспадар Крамля?

«Як мне здаецца, Лукашэнка вельмі хацеў бы паехаць, але яго проста не запрасілі. Безумоўна, каб ён захацеў узьняць шум, то яго, безумоўна, пусьцілі б — як праігнараваць саюзьніка, якому вельмі карціць туды трапіць? Ну а Пуціну ў Беларусь ня трэба, яму вайсковых цацак хапае сваіх. Таму вырашылі пакуль адзін ад аднаго адпачыць. Але сваіх пасланцоў Пуцін запусьціў, каб лішні раз паказаць, хто ў беларускім доме сапраўдны гаспадар. Я маю на ўвазе ваенізавана-праваслаўны аўтапрабег за Пуціна і вялікую Расею. Як дэманстрацыя таго, што бесьперашкодна праехалі, ніхто не спыніў, значыць, іх тэрыторыя. Усё паказалі без вучэньняў».

Падгол: пад маркай «Захаду-2017» адпрацоўваецца баяздольнасьць па ўсёй тэрыторыі Расеі

Палітоляг Уладзімер Падгол, які спэцыялізуецца на аналізе вайсковай галіны, лічыць, што сам факт асобнага назіраньня за манэўрамі ў Маскве і ў Менску яшчэ ні аб чым ня сьведчыць. Але, тым ня меней, дае нагоду да роздуму:

Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

«Вучэньні адбываюцца на вельмі шырокім полі, таму усё ахапіць і быць поруч складана. Але ёсьць важны момант. Спачатку Пяскоў, прэсавы сакратар Пуціна, даў зразумець, што была першапачатковая дамоўленасьць і Лукашэнка мусіў ехаць на Лускі палігон. Але са словаў Эйсмант, прэсавай сакратаркі Лукашэнкі, ужо вынікала, што той нікуды не зьбіраўся. Кшталту дамаўляліся ды не дамовіліся. І якраз гэта паказвае, што сам працэс — хто куды паедзе — даволі спрэчны, быў канфлікт інтарэсаў. Бо пасьля заявы Пяскова ледзь не праз тыдзень зьявілася інфармацыя, дзе насамрэч будзе Лукашэнка. Гэта значыць, увесь гэты час вялося напружанае абмеркаваньне і рознагалосьсі ня вырашылі. Бо сам факт, што назіраюць асобна, ні пра што ня сьведчыць. Нават тое, што Шайгу прыедзе, таксама мала значыць. А вось папярэднія перамовы якраз даюць зразумець пра напружаную сытуацыю».

Пры гэтым Уладзімер Падгол лічыць, што ніякага дэмаршу з боку Менску быць ня можа — літаральна пад вучэньні Беларусь атрымала чарговы транш расейскага крэдыту, што мусіць задобрыць саюзьніка:

«Ня трэба вырываць гэта з кантэксту агульнапалітычных стасункаў, бо акурат у гэты час Лукашэнка атрымаў 700 мільёнаў даляраў крэдыту. Таму можна толькі гадаць, што ў рэальнасьці паўплывала на разьвіцьцё такога сцэнару. Магчыма, адной з прычын напружанасьці стала тое, што перад пачаткам вучэньняў начальнік Генштабу Белаконеў расказаў грамадзкасьці толькі пра вучэньні ў Беларусі. А насамрэч падзеі разгортваюцца і на палігонах Расеі, значэньне якіх як бы прымяншаецца. На справе ж аказалася, што аб’ём вучэньняў раптам у 100 разоў пашырыўся — пад іх маркай „ваююць“ па ўсёй Расеі. Для Лукашэнкі, відаць, гэта быў шок. Бо што ні пачытаеш у расейскіх СМІ, дзе б вучэньні цяпер не праходзілі, яны ўсё падвёрстваюць пад „Захад-2017“. Дык пра які абарончы характар пры такім раскладзе гаворка?».

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG