Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Расеі не прыехаў на вучэньні ў Беларусь


Сяргей Шайгу

Прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімір Макараў паведаміў Свабодзе, што міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу на вучэньні ў Беларусь не прыехаў.

«Наколькі мне вядома, Шайгу не прыехаў», — сказаў Макараў.

Адказваючы на пытаньне аб прычынах адсутнасьці расейскага міністра, Макараў адказаў так: «Гэта не да нас пытаньні».

Паводле Макарава, яшчэ ўчора ўжо стала вядома, што міністра Шайгу не будзе.

Камэнтаваць гэта Макараў ня стаў.

У дэпартамэнце інфармацыі Міністэрства абароны Расеі ніякіх зьвестак і камэнтароў карэспандэнту Свабоды не далі.

«Пішыце афіцыйны запыт», — сказалі там.

Учора паведамлялася, што Лукашэнка наведае палігон «Барысаўскі» разам з расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу.

Раней расейскія СМІ паведамілі, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка меўся наведаць вучэньні на тэрыторыі Расеі разам з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, але потым гэтыя пляны зьмяніліся.

Кіраўніца прэзыдэнцкай прэс-службы Натальля Эйсмант назвала гэта «інсынуацыямі». Яна сказала, што Лукашэнка ад пачатку плянаваў узяць удзел у вучэньнях на тэрыторыі Беларусі. Афіцыйнага запрашэньня кіраўніку беларускай дзяржавы прыехаць на гэтае вучэньне ў Расею не паступала. Таксама яна сказала, што беларускі бок накіроўваў запрашэньне Пуціну, аднак афіцыйнага адказу не дачакаўся.

Лукашэнка на палігоне Барысаўскі
Лукашэнка на палігоне Барысаўскі

Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны – суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG