Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША ўхваліў $500 мільёнаў вайсковай дапамогі Ўкраіне


Будынак Кангрэсу ЗША, Вашынгтон

Амэрыканскі Сэнат ухваліў законапраект, які санкцыянуе выдзяленьне Ўкраіне дапамогі ў сфэры бясьпекі на суму 500 мільёнаў даляраў, уключаючы пастаўку абарончай летальнай зброі. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі»

Ён таксама ўхваліў дапамогу ў памеры 100 мільёнаў даляраў краінам Балтыі для ўмацаваньня іх патэнцыялу стрымліваньня расейскай агрэсіі.

У той жа час Закон аб асыгнаваньнях на абарону на 2018 год прадугледжвае абмежаваньні на выдзяленьне Ўкраіне паловы названай сумы да таго часу, пакуль міністар абароны ЗША не пацьвердзіць, што Кіеў прыняў істотныя меры па рэалізацыі інстытуцыйных рэформаў у галіне абароны.

Законапраект быў ухвалены 89 галасамі «за» пры 8 галасах «супраць» на фоне маштабных сумесных вучэньняў Расеі і Беларусі каля межаў NATO, якія выклікалі асьцярогі, што Масква спрабуе запалохаць Украіну, краіны Балтыі і іншыя былыя савецкія рэспублікі.

Пакуль незразумела, якая зброя будзе пастаўленая Ўкраіне. Раней СМІ паведамлялі, што гаворка можа ісьці аб супрацьтанкавай зброі і сыстэмах для нэўтралізацыі расейскай артылерыі.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, які знаходзіцца ў ЗША для ўдзелу ў рабоце генэральнай асамблеі ААН, даў высокую ацэнку амэрыканскай дапамозе яго краіне.

«Мы вельмі цэнім той факт, што ЗША стаяць плячом да пляча ў нашай барацьбе, — сказаў Парашэнка, выступаючы перад курсантамі амэрыканскай ваеннай акадэміі ў Вэст-Пойнце, штат Нью-Ёрк. — Вашая краіна застаецца сусьветным лідэрам у аказаньні практычнай дапамогі ўзброеным сілам Украіны».

Старшыня камітэту Сэнату па ўзброеных сілах Джон Маккейн падкрэсьліў важнасьць законапраекту для ўмацаваньня вайсковай моцы ЗША.

«Фундамэнтальная мэта гэтага закону палягае ў тым, каб забясьпечыць нашыя ўзброеныя сілы тым, што ім трэба для выкананьня працы, пра якую мы іх просім, — сказаў Маккейн. — У Кангрэсу няма больш высокага абавязку, чым рабіць усё, што ў нашых сілах, каб падтрымаць нашых суайчыньнікаў-амэрыканцаў, якія служаць і штодня ахвяруюць сабой, каб мы былі ў бясьпецы».

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што магчымыя пастаўкі летальнай зброі Кіеву ў Крамлі лічаць контрпрадуктыўнымі.

«Падобнае рашэньне, вядома ж, ня будзе спрыяць урэгуляваньню канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны» — сказаў ён.

Акрамя Украіны законапраект дазваляе выдзеліць да 100 мільёнаў даляраў на падтрымку сумеснай праграмы краінаў Балтыі па ўмацаваньні патэнцыялу стрымліваньня расейскай агрэсіі.

Законапраект таксама прадугледжвае вылучэньне 65 мільёнаў даляраў на праграму дасьледаваньняў і распрацоўкі ракеты сярэдняй далёкасьці наземнага базаваньня, каб скараціць разрыў, які ўзьнік у выніку меркаваных парушэньняў Расеяй дамовы пра ракеты сярэдняй і малой далёкасьці.

Масква адмаўляе, што гэтыя парушэньні мелі месца.

Заканадаўчы акт прадугледжвае таксама рэгулярную ацэнку стратэгіі і патэнцыялу расейскай інфармацыйнай вайны, шкодных дзеяньняў у кібэрпрасторы і сродкаў эканамічнага прымусу.

Дакумэнт працягвае забарону на выкарыстаньне сродкаў міністэрства абароны ЗША ў мэтах двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва з Расеяй.

Белы дом выступаў супраць некаторых асобных палажэньняў закону аб асыгнаваньнях на абарону ў памеры 700 мільярдаў даляраў, але прэзыдэнт Дональд Трамп ня пагражаў накласьці на яго вета.

XS
SM
MD
LG