Мяшчанскі суд Масквы ў панядзелак адхіліў пазоў сям’і швэдзкага дыплямата Рауля Валенбэрга, якая запатрабавала ад Фэдэральнай службы бясьпекі (ФСБ) Расеі рассакрэціць інфармацыю пра памерлага сваяка. Пра гэта паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода з залі суду.
Сям’я дыплямата і героя Другой Сусьветнай вайны, які прапаў у савецкай турме, у ліпені запатрабавала ад ФСБ падаць доступ да архіўных дадзеных. Прадстаўнік ведамства ў судзе заявіў, што частка дакумэнтаў ужо нібыта апублікаваная, а пэўныя дадзеныя зьвязаны з «трэцімі асобамі» і ня могуць быць пададзеныя бязь іх згоды. Ён прапанаваў заяўнікам дачакацца заканчэньня тэрміну даўнасьці — 75 гадоў.
Рауль Валенбэрг, які працаваў на дыпляматычнай пасадзе ў прадстаўніцтве Швэцыі ў Будапэшце ў ліпені 1944 году, дапамог выратавацца 20 тысячам вугорскіх габрэяў — ён выпісаў ім адмысловыя «ахоўныя пашпарты», якія захавалі ім жыцьцё ў апошнія месяцы Галакосту.
У пачатку 1945 году, пасьля ўступленьня савецкай арміі ў Будапэшт, Валенбэрг быў арыштаваны, перапраўлены ў Маскву і як мяркуецца, памёр у савецкай турме. У кастрычніку 2016 году швэдзкія ўлады афіцыйна абвясьцілі аб сьмерці Валенбэрга.
У сакавіку сваякі дыплямата запыталі ў ФСБ доступ да арыгіналаў дакумэнтаў Лубянскай турмы і турмы Ляфортава за 1945-1947 гады. Сваякам так і не ўдалося атрымаць доступ да арыгіналаў дакумэнтаў.