Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва: расейскія самалёты падчас «Захад-2017» парушылі нашу паветраную прастору


Расейскія вайскоўцы дэсантуюцца з самалёта ІЛ-76 падчас расейска-сэрбскіх вучэньняў, лістапад 2016

Два расейскія ваенна-транспартныя самалёты «Іл-76» на мінулым тыдні парушылі паветраную прастору Літвы, паведаміў у панядзелак літоўскі МЗС. Паводле літоўскага боку. парушэньне адбылося падчас расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017».

Міністэрства абароны Літвы абвясьціла, што парушэньне было зафіксаванае сродкамі ўзброеных сілаў Літвы па назіраньні за паветранымі прасторай увечары ў суботу.

У панядзелак у МЗС быў выкліканы расейскі амбасадар у Літве Аляксандр Удальцоў, яму была ўручаная нота аб парушэньні паветранай прасторы Літвы. Літоўскія дыпляматы запатрабавалі, каб адказныя ведамствы Расеі як мага хутчэй далі тлумачэньні ў сувязі з гэтым інцыдэнтам і прынялі неабходныя меры да таго, каб у будучыні такія інцыдэнты не паўтараліся.

Літоўскія службовыя асобы абвясьцілі, што інцыдэнт адбыўся, калі з матэрыковай часткі Расеі ў Калінінградзкую вобласьць ляцелі шэсьць расейскіх ваенна-транспартных самалётаў «Іл-76». Два зь іх адхіліліся ад пляну палёту і ў 22.50 і ў 23.10 увайшлі ў паветраную прастору Літвы над тэрытарыяльнымі водамі. У ёй расейскія самалёты знаходзіліся каля 2 хвілін.

Афіцэр па сувязях з грамадзкасьцю авіябазы ВПС Літвы, капітан Ева Гульбінене сказала BNS, што ў мінулую суботу зьнішчальнікі ЗША, якія дыслякаваныя на базе ў Шаўляі, не падымалася ў паветра для суправаджэньня расейскіх ваенных самалётаў, якія ляцелі над Балтыкай.

Перад пачаткам вучэньняў літоўскія афіцыйныя асобы не выключалі імавернасьць інцыдэнтаў і правакацыяў. Міністэрства абароны таксама паведаміла, што самалёты паветранай паліцыі NATO ў Літве і Эстоніі на мінулым тыдні восем разоў падымаліся ў паветра для суправаджэньня расейскіх вайсковых самалётаў, якія ляцелі ў міжнародным паветранай прасторы над Балтыкай.

Парушэньне паветранай прасторы Літвы фіксуецца сёлета другі раз. У чэрвені былі заўважаныя два парушэньні мяжы Літоўскай Рэспублікі, тады было зафіксавана, што ў паветраную прастору Літвы двойчы ўваходзіў цывільны самалёт «Ан-2».

Сёньня ж адказ на прэтэнзіі Літвы дало міністэрства абароны РФ. У ваенным ведамстве Расеі паведамілі, што Вільню папярэдзілі аб вымушаным адхіленьні ад маршруту ў сувязі з навальніцай.

«Расцэньваем прэтэнзіі літоўскага боку наконт нібыта наўмыснага парушэньня расейскімі самалётамі паветранай прасторы менавіта ў рамках вучэньняў "Захад-2017″ як палітызаваныя і неадпаведныя рэчаіснасьці,» — заявілі ў міністэрстве абароны Расеі.

XS
SM
MD
LG