Па стане на 13 гадзін у Беларусі было абясточана 125 населеных пунктаў (0,51%). Пра гэта паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе ДВА «Белэнэрга».
Паводле начальніка інфармацыйна-аналітычнага аддзелу «Белэнэрга», «надзвычайных сытуацый не назіраецца». Праз гадзіну колькасьць адключаных ад электрычнасьці населеных пунктаў у краіне склала 73.
«У Браславе былі нязначныя падтапленьні праезнай часткі, але непрацяглы час, і там ніхто не пацярпеў. Энэргетыкі паведамляюць, што ёсьць невялікія адключэньні энэргазабесьпячэньня, — сказаў афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі. — Чакаюцца моцныя парывы ветру ўначы, будзем сачыць за сытуацыяй».
Паводле Белгідрамета, у сувязі з моцным ветрам у краіне дзейнічае штармавое папярэджаньне (аранжавы ўзровень небясьпекі). У бліжэйшыя гадзіны, а таксама ўначы і раніцай у аўторак захаваецца парывісты вецер.
«Вецер заходні, паўднёва-заходні ноччу і раніцай 7–12 м/с, у многіх раёнах парывы да 15–20 м/с, месцамі да 21–24 м/с», — паведамляюць сыноптыкі.