Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аварыя на Менскай ЦЭЦ-4 прывяла да масавага адключэньня электрычнасьці і вады

  • БелаПАН

Менская ЦЭЦ-4

Праз аварыю на Менскай ЦЭЦ-4 раніцай 6 верасьня адбылося масавае адключэньне электрычнасьці і вады ў сталіцы і прылеглых населеных пунктах

РУП «Менскэнэрга» пацьвердзіла, што а 10.49 на Менскай ЦЭЦ-4 адбылося адключэньне абсталяваньня, у выніку чаго было «парушана электразабесьпячэньне шэрагу спажыўцоў гораду Менску і Менскай вобласьці». Адзначаецца, што прычыны інцыдэнту высьвятляюцца, а таксама «прымаюцца ўсе захады ў аднаўленьні электразабесьпячэньня спажыўцоў у максымальна магчымыя кароткія тэрміны».


Афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі паведаміў, што тэхніка ратавальнікаў выехала на месца аварыі, але пажару на ЦЭЦ-4 не было.

Пазьней МНС Менску ўдакладніла, што на ЦЭЦ-4 адбыўся «разрыў трансфарматара напружаньня сыстэмы шынаў на адкрытай разьмеркавальнай прыладзе без наступнага гарэньня».

Паводле інфармацыі відавочцаў, электрычнасьць і вада зьніклі ў Фрунзенскім і некаторых іншых раёнах сталіцы, у пасёлку Хацежына пад Менскам, у Ратамцы, Заслаўі, Фаніпалі і Дзяржынску.

«Па стане на 12.00 ўсім раней адключаным спажыўцам адноўлена электразабесьпячэньне», — паведамілі ў РУП «Менскэнэрга».

Менская цеплаэлектрацэнтраль № 4 — найбуйнейшая ў беларускай энэргасыстэме, а таксама адна з найбольш сучасных электрастанцыяў у краіне. Яна зьяўляецца асновай цеплафікацыйнага комплексу заходняй і паўднёва-заходняй частак сталіцы, забясьпечвае ацяпленьнем і гарачай вадой 48% менчукоў. За год станцыя адпускае 4,8-5 млн Гкал цяпла. Вызначаная магутнасьць цеплаэлектрацэнтралі: электрычная — 1035 МВт, цеплавая — 1519 Гкал / ч.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG