Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прадухіліць правакацыі». Украіна задзейнічала авіяцыяю для кантролю мяжы зь Беларусьсю


Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны заяўляе, што да завяршэньня беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017» кантроль за мяжой зь Беларусьсю будзе ажыцьцяўляцца пры дапамозе авіяцыі.

«Гэтыя кірункі ўзмоцненыя памежнай авіяцыяй. У прыватнасьці, экіпажы на патрульных самалётах праводзяць паветраны маніторынг мяжы і ўжо абсьледавана каля 900 кілямэтраў дзяржаўнае мяжы», — паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Памежнікі падкрэсьлілі, што ўзмоцнены кантроль на ўсіх участках мяжы праводзіцца ад пачатку верасьня і зьвязаны з правядзеньнем беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017».

«Памежнікі працягваюць прыкрываць напрамкі магчымых правакацыйных дзеяньняў і ўзброенага ўварваньня ў цесным узаемадзеяньні з Узброенымі сіламі, Нацыянальнай гвардыяй ды паліцыяй на ўсіх участках. Таксама задзейнічаныя і рэзэрвы памежнага ведамства. Такі рэжым кантролю будзе трываць як мінімум да заканчэньня вучэньняў «Захад-2017», — патлумачылі ў памежным ведамстве Ўкраіны.

***

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG