Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская танкавая армія, паднятая па трывозе, рушыла ў Беларусь. Так, нібыта, пачаліся вайсковыя вучэньні «Захад 2017».

Думаю, усхваляванымі, напружанымі й незразумелымі позіркамі абменьваліся пасьля гэткай навіны, не адно журналісты.

Празь нейкі час міністэрства абароны Беларусі хоць і абвергла гэтую інфармацыю, але, як той казаў, асадачак застаўся і, падазраю, будзе псаваць настрой не аднаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, пакуль расейскія войскі, як заяўлена тым жа міністэрствам абароны, да трыццатага верасьня не пакінуць тэрыторыю нашае краіны.

Увогуле, чутак, прагнозаў і разнастайных заяваў з нагоды гэтых вайсковых вучэньняў была вялікая колькасьць, бо надта трывожны час і надта трывожная тэма.

Тэма гібрыднае вайны пасьля збройных канфліктаў у Грузіі ды ва Ўкраіне надзвычай папулярная й актуальная, пагатоў на абшарах былога СССР. Пра крымскі сындром, гібрыдныя войскі й «ветлівых вайскоўцаў» напісана й сказана шмат, але мне здаецца, што ў гэтым ваенным тэатры ўсе разам узятыя гібрыдныя нападнікі не галоўныя героі, бо яны, як паразыты, зьяўляюцца там, дзе сасьпела адпаведная атмасфэра, якую рыхтуюць загадзя. Тая атмасфэра, дзе ў чалавека, пагатоў чалавека са зброяй, няма цьвёрдага перакананьня — што сваё, што чужое. Дзе плодзяцца й квітнеюць, такія сабе гібрыдныя абаронцы, якія насамрэч, значна больш небясьпечныя, чым гібрыдныя нападнікі. Як здрада больш небясьпечная, агідная й падступная зьява, чым уся агрэсія разам узятая.

Міжволі прыходзяць да галавы параўнаньні з мэдычнай галіной, у выпадку, калі на арганізм нападае вірус ці агрэсіўныя бактэрыі. Паўстае такая карціна, калі клеткі арганізму, якія называюцца фагацытамі й функцыя якіх бараніць ад тых хваробатворных вірусаў і бактэрый, зь нейкіх прычынаў не распазнаюць іх агрэсіўнае якасьці й ставяцца да іх ня тое што варожа, але нэўтральна, а то й спрыяльна.

Восьмага верасьня, паводле іроніі лёсу, у Дзень беларускай вайсковай славы, у Горадні падпалкоўнік збройных сіл Беларусі мяняе сьцяжок у сваёй машыне з беларускага дзяржаўнага на расейскі. Засьпеты журналістам, ён тлумачыць гэтую мэтамарфозу тым, што рыхтуецца сустракаць гасьцей з Расеі.

І дзеяньне й тлумачэньне — фэерычныя.

Падобную карціну ўсе назіралі пад час захопу Крыму, калі некаторыя ўкраінскія, калі іх так можна было назваць, афіцэры й жаўнеры, сустракаючы незапрошаных гасьцей, радасна мянялі сьцягі свае дзяржавы на сьцягі дзяржавы суседняе.

У нас госьці нібыта запрошаныя, але вось інфармацыя пра танкавую армію, якая паднялася па трывозе й рушыла ў Беларусь, ніяк не рыфмуецца са словазлучэньнем «запрошаныя госьці».

Цікава было б даведацца, колькі беларускіх паводле формы, але ня зьместу, афіцэраў мянялі сьцяжкі ў сваіх машынах пасьля таго, як пачулі навіну пра расейскія танкі.

Для дзяржавы Беларусь ведаць колькасьць сваіх гібрыдных абаронцаў задача абсалютнае важнасьці.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG