Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заклікалі Ірацкі Курдыстан адмяніць рэфэрэндум аб незалежнасьці


Акцыя ў падтрымку рэфэрэндуму ў Ірацкім Курдыстане

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа заклікала ўлады Ірацкага Курдыстана адмовіцца ад рэфэрэндуму пра незалежнасьць 25 верасьня.

У заяве прэс-сакратаркі Белага дому Сары Сандарс гаворыцца, што правядзеньне рэфэрэндуму адцягвае ўвагу ад спробаў перамагчы тэрарыстычную групоўку «Ісламская дзяржава» і стабілізаваць сытуацыю ў вызваленых ад яе раёнах.

Белы дом таксама заклікаў урад Курдыстана правесьці пасьлядоўны дыялёг з Багдадам. ЗША гатовыя выступіць пасярэднікам у гэтых перамовах.

15 верасьня парлямэнт Ірацкага Курдыстана прызначыў рэфэрэндум пра незалежнасьць на 25 верасьня. Ідэю рэфэрэндуму падтрымалі як на тэрыторыі Ірацкага Курдыстана, так і на спрэчных тэрыторыях. Паводле ірацкіх уладаў, курдзкая аўтаномія мае дастаткова незалежнасьці, а абвешчаны рэфэрэндум — незаконны.

Ірацкі Курдыстан месьціцца на поўначы і паўночным усходзе Іраку, мае свае грошы, мяжу і памежны кантроль.

Незалежнасьць курдзкай аўтаноміі можа выклікаць пратэст Турцыі. Анкара шмат гадоў змагаецца з курдзкімі збройнымі фармаваньнямі ўсярэдзіне краіны, а таксама з курдзкімі атрадамі народнай самаабароны на тэрыторыі Сырыі. Турэцкае войска рэгулярна наносіць удары па курдзкіх лягерах на поўначы Іраку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG