Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзядзьку звалі Сьцяпан Курупата». 8 фактаў пра курапацкую падзьвіжніцу Ганну Шапуцьку


Ганна Шапуцька

Радыёфізык паводле адукацыі, Ганна Шапуцька ўпершыню трапіла ў Курапаты толькі ў 2006 годзе. З таго часу яна амаль штотыдзень бывае ва ўрочышчы. Зь дзяцінства Ганна чула ў сямʼі расповеды пра рэпрэсаванага сваяка Максіма Гарэцкага. На талокі ў Курапаты Ганна ходзіць разам з мужам Віктарам. Мы сабралі 8 фактаў пра каардынатарку ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» 53-гадовую Ганну Шапуцьку.

1. Яе дзядзька быў жанаты на пляменьніцы Максіма Гарэцкага

Ганна Шапуцька зь дзяцінства ў сямʼі чула размовы пра рэпрэсіі. Да іх прыяжджаў у госьці стрыечны брат маці Сьцяпан Курупата, дзядзя Сьцёпа, муж Леанілы Парфір’еўны Гарэцкай (пляменьніцы Максіма Гарэцкага), які расказваў пра лёс рэпрэсаванага пісьменьніка. Гэтая гісторыя прайшла празь сямʼю чырвонай ніткай, згадвае Ганна. Зь дзяцінства яна ведала, што Сталін — злачынца. Шапуцька лічыць своеасаблівым знакам, што прозьвішча Сцяпана Курупаты пераклікаецца з назвай мэмарыялу Курапаты.

2009 год. Курапаты. Побач Сяргей Ханжанкоў
2009 год. Курапаты. Побач Сяргей Ханжанкоў

2. Упершыню трапіла ў Курапаты пасьля Плошчы 2006-га

Пра Курапаты Ганна Шапуцька даведалася ад апазыцыйнага палітыка Вячаслава Сіўчыка, які пасьля Плошчы 2006 году запрасіў ва ўрочышча на акцыю памяці ўшанаваньня палітычных рэпрэсій.

Ганна Шапуцька і Ніна Багінская
Ганна Шапуцька і Ніна Багінская

«Для мяне быў сапраўдны шок, калі пабачыла гэтыя яміны-заняпадзіны, дзе ляжаць ахвяры Сталіна. На фізычным узроўні адчула, уявіла боль, страх, бездапаможнасьць людзей, якім была наканаваная непазьбежная сьмерць, бязьлітаснасьць катаў. Але ж першы шок прайшоў і засталося адчуваньне сваёй адказнасьці за гэтае месца, за памяць аб людзях, якіх закапалі, як жывёлаў, не паставіўшы ні крыжа, ні іншага знака, не пакінуўшы родным шанцу пахаваць закатаваных па-чалавечы», — расказвае Ганна Шапуцька.

3. Ад 2012 году амаль штотыдзень працуе на талоках у Курапатах

Пяць гадоў таму ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», якую каардынуе Ганна, пачала праводзіць штотыднёвыя талокі (з траўня па кастрычнік) у справе добраўпарадкаваньня Курапатаў. «Нягледзячы на тое, што сябры КХП БНФ вельмі шмат зрабілі і робяць з самага пачатку адкрыцьця Курапатаў, тэрыторыя мэмарыялу — вялікая, і значная частка Курапатаў была занядбаная, чым і скарысталіся аматары адпачынку на касьцях, якія пабудавалі забаўляльны комплекс «Бульбаш—Хол», — згадвае Ганна Шапуцька.

Калі ішло змаганьне супраць «Бульбаш-Холу», прадстаўнік Генпракуратуры запытаў Ганну, а навошта вам гэты мэмарыял, калі парадак навесьці там ня можаце. «З заходняга боку, сапраўды, былі непралазныя зарасьлі сьпірэі і звалка. Дзякуючы працы нашых валантэраў, а летась падключылася і лясьніцтва (крыху дапамагаюць), Курапаты выглядаюць зусім па-іншаму, але ж дзеля захаваньня годнага выгляду, мэмарыял патрабуе штодзённай увагі грамадзтва і працы валантэраў», — перакананая яна.

Шпацыр незалежнасьці
Шпацыр незалежнасьці

4. Прыйшла ў апазыцыю, а потым расчаравалася ў партыях і рухах

У 2006 гадзе, нягледзячы на запалохваньне, Ганна Шапуцька разам з мужам, дзецьмі, суседзямі выйшлі на Плошчу. Яны падтрымлівалі ўдзельнікаў намётавага гарадку, насілі ежу, коўдры, іншыя рэчы.

«Пасьля разгону Дня Волі 25 сакавіка я зразумела, што таго жыцьця, якое было раней, больш ня будзе. Мы павінны неяк дзейнічаць, запісаліся з мужам у Рух „За свабоду“. На жаль, мы яшчэ ня ведалі тады, што наш дэмакратычны рух такі слабы, і што нам усім так не хапае салідарнасьці і еднасьці. Кожны чалавек можа дзейнічаць і сам», — прыйшла да высновы Ганна.

5. І на працы, і на талоках яна разам з мужам Віктарам

Ганна нарадзілася ў Бялынічах, скончыла ў Менску факультэт радыёфізыкі БДУ. Працавала інжэнэрам-тэхнолягам на менскім заводзе «Інтэграл». Там і пазнаёмілася з будучым мужам Віктарам.

2007 год. З сынам і мужам на Дзень Волі.
2007 год. З сынам і мужам на Дзень Волі.

З таго часу яны заўсёды разам — і на працы, і на акцыях пратэсту, і на талоках у Курапатах. «Курапаты — справа і яго жыцьця, — кажа Ганна. — Наша сям’я — гэта сям’я аднадумцаў, бо інакш было б вельмі няпроста».

6. Дачцэ Тацяне дапамагаў аднаўляцца на вучобе былы прэмʼер Швэцыі Карл Більдт

Ганна Шапуцька вельмі ганарыцца сынам і дачкой. Сыну Аляксандру споўніцца сёлета 30 гадоў, ён скончыў 1-ю менскую гімназію, з чырвоным дыплёмам Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, у Польшчы магістратуру (Ганна падкрэсьлівае, што паступіў сам, а не па праграме Каліноўскага), цяпер працуе ў Польшчы. 26-гадовая дачка Тацяна — таксама выпускніца 1-й менскай гімназіі, у мінулым — прэсавы сакратар Маладога Фронту. Вучылася на выдатна на юрыдычным аддзяленьні БДУ, але выключылі з унівэрсытэту пасьля таго, як у 2009 годзе прадстаўляла «Малады Фронт» на форуме грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі, паколькі ня мела дазволу на выезд ад Міністэрства адукацыі. Ганна ўдзячная былому прэмʼеру і кіраўніку МЗС Швэцыі Карлу Більдту, які спрабаваў зрабіць усё магчымае, каб дачку аднавілі на вучобе.

2008 год. У судзе над моладзевымі актывістамі за акцыю “Камунізм пад трыбунал”. Тацяна Шапуцька
2008 год. У судзе над моладзевымі актывістамі за акцыю “Камунізм пад трыбунал”. Тацяна Шапуцька

«Не бывае дабра без ліха, — лічыць Ганна. — Падчас свайго „выгнаньня“ Тацяна пазнаёмілася зь Глебам Лабадзенкам, сустрэла сваё каханьне. Усе склалася добра. Скончыла на выдатна ЭГУ, магістратуру, маюць зь Глебам двух цудоўных дзетак і добрых сяброў».

7. Першапачаткова пагадзілася ўвайсьці ў ініцыятыўную групу Паўла Якубовіча па помніку ў Курапатах

Ганна Шапуцька разам з Алесем Чахольскім, кіраўніком грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты пагадзіліся на пэўных умовах увайсьці ў так званую ініцыятыўную групу Паўла Якубовіча ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў. Увесну адбылося некалькі сустрэч сябраў групы, але на гэтым справа пакуль спынілася...

Катынь. Разам з ахвярай сталінскіх рэпрэсій Зінаідай Тарасевіч.
Катынь. Разам з ахвярай сталінскіх рэпрэсій Зінаідай Тарасевіч.

«Раней я думала, што дзяржава нешта можа зрабіць у Курапатах, цяпер асэнсоўваю, што насамрэч лепш бы гэтай дзяржаве цалкам „ня лезьці“ у Курапаты». На мой погляд, пакуль архівы не адкрытыя, які можа быць помнік, каму можа быць помнік? Думаю, што гэтая дзяржава нічога годнага ў Курапатах ня зможа зрабіць, бо нашчадкі сталіністаў пры ўладзе. Першы крок — гэта адкрыцьцё архіваў. Без гэтага кроку ўсё бессэнсоўна," — лічыць Ганна Шапуцька.

8. Баіцца вайны з імпэрыяй

Найвялікшым адкрыцьцём у жыцьці для Ганны Шапуцькі сталі людзі, якія ахвяруюць сабой дзеля іншых, а найбольшым расчараваньнем — людзі, якія лёгка могуць адзін з аднаго зрабіць ворагаў.

Баіцца Ганна вяртаньня дзяржаўнага тэрору і вайны з імпэрыяй, якую спрабуе аднавіць Крэмль. Цалкам можа давяраць мужу і дзецям.

Дзень Волі-2015
Дзень Волі-2015

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG