Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Днём народзінаў, Лявон!


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Маё нацыянальнае ўзрастаньне пачалося з маленькага зярнятка, укладзенага мне ў сэрца Богам. Зь юнацтва я падсьвядома захаплялася Беларушчынай, але нават цяжка сказаць, з чым гэта можна зьвязваць у свае 12, 13, 14 гадоў.

Мяне не вучылі любіць краіну, гэтак жа, як не вучылі яе ненавідзець.

Літаратура? Наўрад ці. Я чытала шмат, але на мове хіба што школьную праграму па гадзінцы-дзьве на тыдзень. Выхаваньне? Мяне не вучылі любіць краіну, гэтак жа, як не вучылі яе ненавідзець. Асяродзьдзе? Асяродзьдзем былі заўсёды занятыя дарослыя і настаўнікі, абыякавыя да нашага «пазадзёньнікавага жыцьця».

Пачуцьцё няўлоўнай радасьці за Беларусь было цудам, бо ўсё, што адбывалася наўкол, магло толькі расчароўваць і адварочваць. Але, як вядома, закладзенае зерне неяк жа мусіць прарасьці.

У 14 год я сумавала па мове. У школе яна была штучная, у доме — немагчымая, навокал — нібы мёртвая. Я спрабавала захапляцца дзяржаўнай сымболікай, прыцягнуўшы ў хату чырвона-зялёны сьцяжок, узяты зь нейкага афіцыйнага мерапрыемства. Але ўсё гэта было ня тым.

Музыка вабіла і забірала ў свой сьвет, дзе ты той, аб кім слухаеш ці сьпяваеш.

Што трэба падлетку? Першае каханьне, рамантыка сяброўскіх вечаровых шпацыраў, мары аб вялікіх ідэях і... вядома, музыка. Музыка вабіла і забірала ў свой сьвет, дзе ты той, аб кім слухаеш ці сьпяваеш. Хочаш — ты шалёны хуліган, хочаш — закаханая паненка, хочаш — ты плачаш аб цэлай краіне ці дамагаесься справядлівасьці і свабоды для ўсіх.

Музыка можа даць табе крылы і скарыць цябе сьлязьмі ды перажываньнямі. Можа ўзьняць цябе і павесьці на вялікія справы. Якая вялікая моц!

Маё зярнятка ўзьнялося пад касэты NRM

Маё зярнятка ўзьнялося пад касэты NRM, што зьявіліся невядома адкуль. Спачатку «Тры чарапахі», потым «Дом Культуры», потым адшукваецца «Мроя» і ты плачаш над улюбёным сьпевам «Мая зямля». І паўсюль гучыць голас Лявона Вольскага.

«Би-2», «Чайф», Цой, Шаўчук — сышлі на другі плян. У нашай невялікай дзявочай кампаніі развучваліся новыя сьпевы і новыя акорды NRM. 14-15 гадовыя мы плакалі, сьмяяліся, марылі пра зусім іншыя, новыя гарызонты, якія недасяжныя і цяпер шматлікім глухім да той музыкі людзям.

І вось, я апантана шукаю белмоўных сяброў, наведваю беларускамоўныя імпрэзы і, вядома, набываю ў шапіках Нашу Ніву. З гонарам чапляю на сябе значку «Размаўляй са мною па-беларуску» і з радасьцю далучаюся да Маладога Фронту. Дазнаюся праўду пра сьцяг і пераходжу на беларускую мову.

Эх, Лявоне, які цудоўны лёс ты мне падрыхтаваў! Пан Бог цісьне табе руку і дабраслаўляе тваю музыку яшчэ тысячамі такіх ўзрослых зерняў!

З Днём народзінаў, Лявон!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG