Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 былых кіраўнікоў ды спэцыялістаў Гомельскага мясакамбінату судзяць за каўбасы ды кансэрвы з гнілога мяса


Гомельскі мясакамбінат
Гомельскі мясакамбінат

12 верасьня абласны суд пад старшынствам Мікалая Долі распачаў судовае сьледзтва ў дачыненьні да кіраўнікоў і спэцыялістаў ААТ «Гомельскі мясакамбінат», а таксама рэгіянальных і сталічных вэтэрынараў. Трое супрацоўнікаў пракуратуры па чарзе зачытваюць абвінавачваньні дзесяці фігурантам чарговай «мясной справы».

Мясны рэзэрв МНС — і той сапсавалі

Дзесяць былых кіраўнікоў ды спэцыялістаў Гомельскага мясакамбінату, абласнога вэтэрынарнага ўпраўленьня разам з колішнім намесьнікам міністра сельскай гаспадаркі Беларусі — дырэктарам Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Васілём Піваварам сталі фігурантамі гучнай крымінальнай справы аб злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і бязьдзейнасьці.

Як сьцьвярджае сьледзтва, яны ня толькі змарнавалі 178 тон мяса ялавічыны і сьвініны на 7,2 мільярда недэнамінаваных рублёў, але і арганізавалі перапрацоўку гнілога мяса ў каўбасным цэху на камбінаце, а таксама падзяліліся ім з Аршанскім камбінатам, які вырабіў зь яго мясныя кансэрвы.

Цяпер ужо былы дырэктар мясакамбінату Рычард Стэфановіч, яго намесьнік па вытворчасьці Аляксандар Бандарэнка, галоўны вэтэрынарны лекар Ігар Сямёнаў, начальнік халадзільніка Ігар Мельнікаў ды іншыя спэцыялісты прыехалі ў суд самастойна. З-пад варты іх выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе пасьля неабходных сьледчых дзеяньняў. Прэтэнзіі да намесьніцы дырэктара камбінату Надзеі Трус і колішняга першага намесьніка старшыні Гомельскага аблвыканкаму Аляксандара Максіменкі скасаваныя.

Паседжаньне абласнога суду пад старшынёўствам Мікалая Долі
Паседжаньне абласнога суду пад старшынёўствам Мікалая Долі

Агульны ж малюнак, калі зыходзіць з абвінавачваньняў астатнім фігурантам справы, складаецца даволі непрыглядны і адмоўна ўплывае на імідж акцыянэрнага прадпрыемства, доля акцый дзяржавы ў якім перавышае 99%.

У 2015 годзе на мясакамбінаце бескантрольна забівалі жывёлу. Паўтушамі ялавічыны і сьвініны завалілі лядоўні — ды так, што ранейшую сыравіну немагчыма было дастаць, каб своечасова пусьціць на перапрацоўку. Мяса звальвалі нават у тэхналягічных калідорах халадзільнага цэху. Рамонту і дэзынфэкцыі патрабавалі ўсе лядоўні, за выключэньнем трох. Але рукі да іх не даходзілі.

Мяса ў некаторых лядоўнях пачарнела, пачало тхнуць гнілізнай. Шмат якія паўтушы пагрызьлі мышы, пакідаючы пасьля сябе і сьляды зубоў, і экскрэмэнты. Сапсавалі нават мясны рэзэрв Міністэрства надзвычайных сытуацый.

Знайшліся грамадзяне, якія напісалі пра безгаспадарчасьць у адміністрацыю прэзыдэнта, у Камітэт дзяржаўнага кантролю — хто пад сваім прозьвішчам, а хто ананімна.

Праверкай камбінату заняліся спачатку абласное і гарадзкое вэтэрынарныя ўпраўленьні камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Гомельскага аблвыканкаму. А ў лістападзе таго ж 2015 году ў Гомель прыехала камісія Дэпартамэнту вэтэрынарнага кантролю Міністэрства сельскай гаспадаркі, якую ачольваў намесьнік дырэктара Аляксандар Букін.

Кансьпіратарскія прапановы

Спэцыялісты ўбачылі безгаспадарнасьць і бязьдзейнасьць службоўца — прынамсі, гэта сьцьвярджаецца ў абвінавачаньнях. І вось тут у ролі кансьпіратара і пакрывальніка фактаў безгаспадарчасьці і абыякавасьці выступіў дырэктар мясакамбінату Рычард Стэфановіч.

Як сказана ў абвінавачаньні, ён дзейнічаў з карысьлівых памкненьняў, жадаючы прыхарашыць сытуацыю, пазьбегнуць шырокамаштабнай праверкі, магчымага пазбаўленьня прэміяльных, а заадно паказаць сябе годным кіраўніком.

Стэфановіч зьвязаўся праз тэлефон з намесьнікам міністра Васілём Піваварам, зь якім меў прыяцельскія стасункі, і, як сказана ў абвінавачваньні, у завуаляванай форме папрасіў яго «паўплываць» на падначаленага кіраўніка камісіі Букіна, каб той не адлюстроўваў у выніковай аналітычнай запісцы сапраўдны стан захаванасьці мяса і паўфабрыкатаў.

Як вынік, ні сам галоўны вэтэрынарны ўрач Півавар, ні яго падначаленыя ў Гомлі — ніхто не забараніў пускаць сапсаванае мяса на выраб прадуктаў харчаваньня. Ніхто не распарадзіўся ўзяць мяса на лябараторны аналіз, хоць кожны спэцыяліст, як лічыць сьледзтва, усьведамляў, што парушае вэтэрынарнае заканадаўства, ставіць пад пагрозу здароўе і жыцьцё цяперашняга і будучых пакаленьняў. Бо прадукты з дабаўленьнем сапсаванага мяса накіроўвалі нават у сыстэму школьнага харчаваньня.

«ГрандЪ» для камісіі

Пры спрыяньні галоўных вэтэрынарных урачоў вобласьці і гораду — Алы Лазоўскай і Віктара Валчанкова — у Гомельскі аблвыканкам прывезьлі новыя фатаздымкі мяса. Замест тых, якія адлюстроўвалі сапраўдны яго стан у лядоўнях камбінату.

Кіраўнікі прадпрыемства не засталіся ў даўгу перад камісіяй з Дэпартамэнту вэтэрынарнага кантролю. Абед для іх ладзіў намесьнік дырэктара мясакамбінату па вытворчасьці Бандарэнка, а сам дырэктар Стэфановіч двойчы запрашаў сталічных правяральшчыкаў на банкет у кавярню «ГрандЪ», якая месьціцца ў будынку гарвыканкаму і належыць мясакамбінату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG