Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі судзяць 10 спэцыялістаў мясакамбінату, якія выраблялі каўбасу з сапсаванага мяса


Гомельскі мясакамбінат

12 верасьня ў Гомельскім абласным судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні дзесяці былых кіраўнікоў ды спэцыялістаў мясцовага мясакамбінату. Пра гэта паведаміла прэсавая служба абласнога суду.

Паводле сьледзтва, кіраўніцтва перапрацоўчага прадпрыемства не забясьпечыла належнага захаваньня мяса на вытворчасьці. З траўня па сьнежань 2015 году яго сапсавалася звыш 100 тон. Прадпрыемства ў той час ачольваў Рычард Стафановіч. Замест утылізацыі псаванага мяса, кіраўнікі камбінату арганізавалі яго перапрацоўку, заручыўшыся падтрымкай намесьніка міністра сельскай гаспадаркі — дырэктара дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду. Харчовыя вырабы з такога мяса накіроўвалі ў гандаль на продаж насельніцтву.

Работнікі камбінату прыгадвалі і такі выпадак: нават свайму пэрсаналу, які штомесячна атрымліваў за добрую працу мясныя пайкі прыкладна на 300 тысяч недэмінаваных рублёў, падсоўвалі так званыя «супавыя наборы» з душком.

Апроч кіраўнікоў, за краты трапілі начальнік халадзільніка, галоўны вэтэрынарны лекар, некаторыя тэхнолягі й майстры.

Падсудным выстаўленыя розныя абвінавачваньні — злоўжываньне ўладаю альбо службовымі паўнамоцтвамі, службовая нядбайнасьць. Пяцёра будуць адказваць перад судом як службовыя асобы за бязьдзеяньне.

Гэта ня першая гучная крымінальная справа пра мясных махінатараў на Гомельскім мясакамбінаце.

У чэрвені 2012 году калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду аб’явіла прысуд 25 кіраўнікам, спэцыялістам ды шараговым работнікам мясцовага мясакамбінату, а таксама тром міліцыянтам, якія мелі дачыненьне да буйных крадзяжоў на прадпрыемстве ў складзе злачыннай групоўкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG