Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці парушыў Юлі Цэзар законы Рымскай рэспублікі, перайшоўшы з войскам раку Рубікон? Ці парушыў Ілжэдзьмітрый законы маскоўскага царства, пачаўшы свой паход на Крэмль?

Зразумела, абодва яны, і многія падобныя на іх, парушалі законы адпаведных дзяржаваў. Але падаецца, што менавіта ў такой шырокай рэтраспэктыве варта разважаць пра вяртаньне Міхэіла Саакашвілі ва Ўкраіну.

Можна, дарэчы, і ў больш кароткай. Можна прыгадаць, што кіданьне кактэйляў Молатава ў паліцыю і заняцьцё абласных адміністрацыяў падчас слаўнай «рэвалюцыі годнасьці» ў 2014 годзе ня ў поўнай ступені, скажам так, адпавядалі паняцьцю мірнага пратэсту і прынцыпам Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

А як прыгожа тады гаварылася і пра права народу на паўстаньне, і пра моц грамадзянскай супольнасьці, якая перамагае тупую дзяржаўную машыну. А чаму гэтыя прыгожыя формулы непрыдатныя для таго, як Міхэіл Саакашвілі трапіў ва Ўкраіну 10 верасьня?

Рэвалюцыі часам здараюцца. Пуцін і Лукашэнка могуць колькі заўгодна паўтараць, што кіраваныя імі народы выбралі гістарычны ліміт на рэвалюцыі. Але гэта вызначаць ня ім, а тым самым народам, ці, кажучы больш высокім штылем, Богу.

Рэвалюцыя неабавязкова спыняецца на першай перамозе.

Гэта праўда, што самыя гарачыя рэвалюцыянэры на наступны дзень пасьля перамогі робяцца такімі ж гарачымі дзяржаўнікамі: учора было «далоў», а сёньня ўсё мусіць быць паводле закону. Але рэвалюцыя неабавязкова спыняецца, сканчаецца на той першай перамозе.

Такое ўяўленьне — наш досьвед унікальнай эпохі антыкамуністычных рэвалюцыяў, якія аказаліся даволі хуткацечнымі і ў рознай ступені, але «аксамітнымі». У Расеі з лютага 1917 году да фактычна 1920 году «аксаміту» было няшмат. У Францыю на мяжы XVIII-XIX стагодзьдзя трэсла доўга і крывава.

Украінскай рэвалюцыі наканавана быць падобнай на чэхаславацкі «аксаміт» 1989 году, а не на францускую шурпатасьць 1789-1799 гадоў? З чаго гэта вынікае?

Як адрозьніць бунт, мяцеж ад рэалізацыі народом права на паўстаньне?

А наконт волі народу, права яго на паўстаньне — а як вымерыць, колькі народу павінна паўстаць, каб займець тое права, як адрозьніць бунт, мяцеж ад рэалізацыі народом права на паўстаньне?

Так, арганізавалі прарыў Саакашвілі ва Ўкраіну сотні, максымум некалькі тысячаў чалавек. Але побач, поплеч зь ім стаялі Юлія Цімашэнка (самы рэйтынгавы палітык Украіны), былы ўсемагутны шэф СБУ Валянцін Налівайчанка, журналіст і палітык Мустафа Найем, дарэчы, той самы, з закліку якога пачалася ўкраінская рэвалюцыя 2013-2014 гадоў. Можна таксама прыгадаць, які цёплы прыём аказаў Саакашвілі і яго паплечнікам у Львове Андрэй Садавы, мэр гораду і лідэр уплывовай фракцыі Вярхоўнай Рады.

Рэвалюцыя — не рэвалюцыя, але навідавоку салідарная акцыя ладнай часткі нацыянальнай эліты Ўкраіны, за якімі, можна меркаваць, стаіць немалая частка ўкраінскага грамадзтва. Саакашвілі 10 верасьня на пытаньне журналіста, ці паставілі яму штамп у пашпарт на мяжы, адказаў: «Мне паставіў штамп народ».

Ну і паводзіны памежнікаў, міліцыі ўражвалі. Моц вуліцы, пратэстоўцаў вымяраецца ня толькі абʼектыўнымі паказьнікамі, але і слабасьцю іншага боку, якому яны супрацьстаяць. Не вялікі знаўца ўкраінскіх законаў і службовых інструкцыяў сілавых структураў, але мяркую, што яны прадугледжваюць спыненьне правапарушэньняў, у тым ліку і сілай, таму структуры і называюцца сілавымі. А сілы і не аказалася.

Дык гэта трэці Майдан? — спытае чытач. Неабавязкова. Неабавязкова ўсё паўтараецца ў аднолькавых формах. 18 брумэра Напалеона Банапарта не было паўтарэньнем, новым выданьнем штурму Бастыліі. Але было працягам рэвалюцыі. Крах камунізму і развал СССР, прынамсі, у Беларусі, адбываліся не ў адпаведнасьці з узорным, памятным са школьных савецкіх падручнікаў «штурмам Зімняга палацу».

Гэтак і зараз ва Ўкраіне. Улада можа проста пасыпацца, яе загады чыноўнікі і людзі ў пагонах могуць проста перастаць выконваць. Як тое, дарэчы, у пэўнай ступені было ў СССР у 1991 годзе. Палац Гарбачова пасьля перамогі над путчам Ельцын не штурмаваў. Проста ўлада высыпалася, выпетрылася з таго палацу.

Такі погляд на падзеі — зусім не ўхвала дзеяньняў Саакашвілі і яго паплечнікаў. Паводле майго сьціплага меркаваньня іх посьпех пойдзе хутчэй на шкоду, чым на карысьць Украіне. І з прычыны таго, што нелегітымная зьмена легітымнай улады — гэта чарговы крызіс, і з прычыны таго, што палітычныя здольнасьці лідэраў гіпатэтычнай рэвалюцыі асабіста мне не падаюцца настолькі ўжо лепшымі, чым у існай украінскай улады, пры ўсіх яе грахах і хібах.

Пераварот, які перамагае, і называюць рэвалюцыяй.

Проста паўтаруся — рэвалюцыі часам здараюцца. Яны самі па сабе ня ёсьць дабро ці зло. І тут мала што дае гульня ў словы, маўляў, рэвалюцыя — гэта добра, а пераварот, мяцеж — кепска. Пераварот, які перамагае, і называюць рэвалюцыяй.

Формы гэты працэс прымае розныя. Некаторыя зараз заўважаюць, што паводле закону Саакашвілі ня мае права балятавацца ў прэзыдэнты, таму, маўляў, чаго ён можа дамагчыся? Ды ўсяго. Чаму гэтую мяжу нельга перайсьці гэтак жа, як і тую, якую ён перайшоў 10 верасьня? Ну можа ня ён, а тая ж Цімашэнка скарыстаецца плёнам перамогі. Цалкам магчыма. Але зараз размова не ідзе пра тое, што ён, яна ці нехта іншы пераможа на чарговых, а хоць бы і нечарговых, выбарах, а менавіта пра рэвалюцыю — пераможа яна ці прайграе. І выбары адно аформяць, усталююць гэтую перамогу ці паразу.

Рэвалюцыя можа і прайграць. Вяртаючыся да старажытнарымскіх аналёгіяў на пасьпяховага Цэзара прыходзіцца Катыліна, чый пераварот праваліўся, быў здушаны. Тое ж можа адбыцца і з Саакашвілі. Але выглядае, што цяпер ва Ўкраіне будзе альбо так, альбо гэтак.

Сытуацыя наўрад ці проста рассмокчацца ці скончыцца нейкай нічыёй. І не выглядае, што будзе вырашаная ў фармальна-юрыдычнай плашчыні, у выніку двубою юрыстаў наконт таго, ці парушыў Парашэнка закон, пазбаўляючы Саакашвілі грамадзянства, а Саакашвілі — прарваўшыся ва Ўкраіну.

Двубой — так, але не юрыдычны, а палітычны.

Двубой — так, але не юрыдычны, а палітычны. На баку існай улады — і звычка людзей, у тым ліку і людзей у пагонах, падпарадкоўвацца легітымнай, законнай уладзе, і страх украінцаў перад новымі забурэньнямі, і страх, што яны выклічуць новыя тэрытарыяльныя страты. А могуць. Глядзеў рэпартаж пра марш прыхільнікаў Саакашвілі ад мяжы і чуў вокліч : «На Кіеў!» Дзесьці і ад кагосьці мы ўжо гэта чулі.

Але вырашаць украінцам. Францыю пасьля вялікай рэвалюцыі трэсьла амаль стагодзьдзе — 1830-1848-1871. І гэта не пытаньне кшталту — а ці парушалі закон Люі-Філіп, Люі Напалеон і лідэры Парыскай камуны. Дакладна парушалі. Ужо якое шчасьце ці бяду гэта прынесла французам — гэта іншае пытаньне. Гэта лёс, а хіба нехта абяцаў, што лёс будзе шчасьлівым?

Прычым як у лёгкіх на рэвалюцыі народаў, гэтак і ў тых, якія лічаць, што несправядлівасьць лепш, чым беспарадак.

Перадрук з парталу TUT.BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG