Міхайлаў запатрабаваў прызнаць неадпаведнай сапраўднасьці інфармацыю і выдаліць матэрыял пад загалоўкам «Усё ж такі падарыў Пуцін гадзіньнік С. Міхайлаву, кіраўніку солнцаўскай АЗГ», які быў апублікаваны ў жніўні на сайце Навальнага. У ім апазыцыйны палітык зьмясьціў фатаграфію дакумэнту, які пацьвярджае, што Ўладзімір Пуцін падарыў гадзіньнік Міхайлаву. Раней прэс-сакратар прэзыдэнта абверг гэтую інфармацыю.
З чым менавіта зьвязаныя прэтэнзіі пазоўніка, у паведамленьнях не ўдакладняецца. На мінулым тыдні Міхайлаў прадэманстраваў падораны Пуцінам гадзіньнік карэспандэнту Радыё Свабода.
Навальны апублікаваў матэрыял пасьля таго, як суд адмовіўся задаволіць папярэдні пазоў Міхайлава, у якім ён патрабаваў абвергнуць зьвесткі з фільму- расьсьледаваньня, у якім яго называюць «крымінальным аўтарытэтам».
Летась Міхайлаў скарыстаўся законам аб так званым праве на забыцьцё. Пошукавыя сыстэмы Google і «Яндэкс» абмежавалі выдачу вынікаў паводле запытаў аб яго дачыненьні да арганізаванай злачыннасьці.