Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін у размове з Мэркель удакладніў пазыцыю па міратворцах ААН


Назіральнікі АБСЭ ў Данецкай вобласьці на месцы абстрэлу, травень 2016

Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін выказаў гатоўнасьць улічваць у ініцыятыве наконт міратворцаў ААН у Данбасе іх права ахоўваць місію АБСЭ не толькі на лініі судакрананьня варагуючых бакоў, але і ў іншых месцах.

Пра гэта ў панядзелак паведаміла прэсавая служба Крамля па выніках тэлефоннай размовы Пуціна з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель.

Раней Крэмль прытрымліваўся пазыцыі, што міратворцаў варта разьмясьціць толькі на лініі судакрананьня ў Данбасе. Пры гэтым статус і паўнамоцтвы міратворцаў ААН павінныя былі б узгадняцца з узброенымі сэпаратыстамі. Украінскія ўлады назвалі такі варыянт «шызафрэнічным».

Пуцін і Мэркель абмяняліся меркаваньнямі пра сытуацыю на Карэйскім паўвостраве ў сувязі з апошнімі правакацыйнымі дзеяньнямі КНДР, адзначана на сайце Крамля. Абодва лідэры рашуча асудзілі ігнараваньне Пхеньянам рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН. Крокі Пхеньяну ствараюць сурʼёзную пагрозу міру ў рэгіёне, адзначылі ў размове лідэры Расеі і Нямеччыны.

Афіцыйны прадстаўнік канцлера заявіў, што падчас размовы канцлер і прэзыдэнт дасягнулі ўзаемаразуменьня па паўночнакарэйскай праблеме. Абвастрэньне сытуацыі, зьвязанае з ядзернай зброяй Паўночнай Карэі, павінна быць пераадоленае толькі мірным шляхам, заявіў Штэфан Зайбэрт, афіцыйны прадстаўнік канцлера Нямеччыны.

XS
SM
MD
LG