Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуску ў Флорыдзе ўраган не спалохаў: «Як завея ў Беларусі»


Фотаздымкі Кацярыны Муніц.

Амэрыканская беларуска Кацярына Муніц, якая жыве на ўсходнім узьбярэжжы ў горадзе Корал-Спрынгс у 25 кілямэтрах ад Атлянтычнага акіяну, распавяла Свабодзе пра тое, як яе сямʼя перажыла ўраган «Ірма».

— Каця, у вас сямʼя — муж, трое дзяцей. Чаму вы вырашылі не эвакуіравацца, калі да гэтага заклікалі ўлады?

— Першапачаткова я назірала за радарам празь адпаведныя аплікацыі. Калі па тэлебачаньні распавядаюць пра надворʼе, то ўсё перабольшваюць, кажуць, што гэта будзе самы вялікі ў гісторыі Амэрыкі ўраган. На радары гэтага не было бачна. Я не хвалявалася ад самага пачатку. У нас не было пляну эвакуіравацца. У нас дом вельмі добры ў тым пляне, што ён вытрымае любы ўраган. У нас аканіцы на вокнах, мы іх закрылі, падрыхтаваліся па ўсіх правілах, як тут рэкамэндуюць тут. Таму мы засталіся і, напэўна, гэта было правільнае рашэньне на сёньняшні момант.

Нашы страты — дрэвы паламаліся ля дому. Папайя, гумавае і шакаляднае дрэва моцна зламаліся. У суседзяў таксама дрэвы зламаныя, некаторыя дарогі заваленыя дрэвамі. Вельмі моцны дождж быў. Урад добра ўсё гэта кантралюе ў нашым раёне. Калі жыць ля беразе, канечне, трэба эвакуіравацца, бо там хвалі вялікія.

А мы жывем у 13 мілях да акіяну, каля 25 кілямэтраў ад берагу. Была абавязковая эвакуацыя тых, хто жыве па ўсходні бок дарогі US 1. Усе, хто жывуць далей, самі прымалі рашэньне. Абяцалі пятую катэгорыю ўрагану, але ў нас быў вецер 60 міль на гадзіну, што нават не падыходзіць пад ураган першай катэгорыі, проста трапічны шторм.

— Ці была ў вашым асяродзьдзі паніка, ці шмат людзей эвакуіраваліся?

— Многія вельмі спалохаліся, асабліва тыя, што нядаўна сюды пераехалі і ня ведалі, што і як адбываецца падчас ураганаў. Некаторыя пачалі зьяжджаць яшчэ ў мінулую сераду. Тыя, хто зьехалі ў Атлянту, у Джорджыю ці на поўнач Флорыды, нічога асабліва добрага для сябе не зрабілі, бо там цяпер такі ж вецер і дождж, які ў нас быў. Калі зьяжджаць, то трэба было ці ў Нью-Ёрк ці далей.

Падчас урагану ўчора было забаронена выходзіць на вуліцу, нельга было езьдзіць. Быў вельмі моцны дождж, разумны чалавек не паехаў бы нікуды. Людзі, якія засталіся, усе маюць генэратары і бэнзін загадзя нарыхтавалі. У нас дагэтуль няма электрычнасьці — у нядзелю пасьля абеду зьнікла. У навінах кажуць, што пяць мільёнаў людзей ў Флорыдзе без электрычнасьці цяпер.

Самы моцны дзень быў у нядзелю, калі ўраган праз нас прайшоў. Нам пашанцавала, бо магло прайсьці па ўсходу ці па сярэдзіне Флорыды, але гэтым разам пасунула ўраган на заходні бок, там найбольшыя страты і на выспах, натуральна.

Яны нас вельмі моцна палохалі гэтымі відэа і фотаздымкамі выспаў, дзе пачаўся ўраган, і таму людзі моцна панікавалі. Я не хадзіла ў краму і не стаяла гадзінамі ў чэргах, як многія людзі, якія спрабавалі купіць вады ці нечага іншага. Што дома было, тым і абыходзімся цяпер, я ня бачу ніякага вялікага сэнсу панікаваць. Калі б нас затапіла, было бы бяз розьніцы колькі ў нас вады і бэнзіну.

— Колькі гадоў вы жывеце ў Флорыдзе? Якія ўраганы перажылі?

— Гэта для мяне першы ўраган. Мой муж быў тут падчас Вілмы ў 2005 годзе і падчас Эндру ў 1992 годзе. Ён перажыў гэтыя ўраганы, нікуды не зьяжджаў, уяўляў, што адбываецца. Таксама не панікаваў. Мы сядзелі ля вакна і глядзелі на вецер і на дождж.

Гэта было, як уявіць Беларусь узімку. Я памятаю завею, мяцеліцу ў Беларусі, як я іду з электрычкі, вецер у твар, я па полі пустым іду і так на мяне дзьме, што цяжка ісьці. Тут гэта было цягам аднаго дня толькі бязь сьнегу і мінусавай тэмпэратуры. І ніхто ў Беларусі не эвакуіруе ў такіх выпадках...

Кацярына Муніц зь дзецьмі
Кацярына Муніц зь дзецьмі

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG