Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФБР дапытала былога супрацоўніка агенцтва Sputnik


Гендырэктар агенцтва навінаў «Russia Today» Дзьмітры Кісялёў на прэзэнтацыі агенцтва «Sputnik», Масква, лістапад 2014

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША дапыталі былога супрацоўніка расейскага інфармацыйнага агенцтва Sputnik Эндру Файнбэрга. ФБР правярае, ці дзейнічае агенцтва ў якасьці органа расейскай прапаганды, што парушала б закон ЗША аб замежных агентах.

Эндру Файнбэрг пацьвердзіў, што 1 верасьня яго на працягу двух гадзінаў дапытвалі супрацоўнікі ФБР і міністэрства юстыцыі ЗША. Па словах Файнбэрга, пытаньні тычыліся ўнутранай структуры, рэдакцыйнай палітыкі і фінансаваньня агенцтва. Ён заявіў, што перадаў спэцслужбе электронную перапіску супрацоўнікаў Sputnikʼа, якую скапіяваў перад звальненьнем.

У траўні Кангрэс ЗША адмовіў Эндру Файнбэргу ў акрэдытацыі. Чыноўнікі заявілі, што акрэдытацыя не даюцца СМІ, якія падтрымліваюцца якой-небудзь дзяржавай. Пазьней Файнбэрг быў звольнены з агенцтва Sputnik. Паводле яго прычынай звальненьня стала яго адмова задаваць на брыфінгу ў Белым доме пытаньні аб невінаватасьці Башара Асада ва ўжываньні хімічнай зброі ў Сірыі і недатычнасьці расейскіх спэцслужбаў да ўзлому сэрвэраў дэмакратычнай партыі ЗША. У агенцтве заявілі, што не сталі працягваць кантракт з Файнбэргам празь якасьць яго працы.

ФБР і міністэрства юстыцыі ЗША адмовіліся камэнтаваць інфармацыю пра расьсьледаваньне. Кіраўнік рэдакцыі «Sputnik» у ЗША Міндзія Гавашэлі падкрэсьліў, што «ўзначальвае навінавую арганізацыю», а інфармацыя пра магчымае парушэньне закону аб замежных агентах зьвязаў з «гістэрычнай» атмасфэрай у дачыненьні да Расеі.

XS
SM
MD
LG