Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кожныя 2-3 хвіліны мне крычалі «Жыве Беларусь!» — бягун са сьцягам на Менскім паўмаратоне


Людзі прасілі зрабіць сэлфі са сьцягам і Сташкевічам (ён на здымку справа)

28-гадовы мэнэджар некамэрцыйных праектаў Уладзь Сташкевіч 10 верасьня прабег Менскі паўмаратон з нацыянальным сьцягам.

Ён расказаў Радыё Свабода, што сьцяг быў на ім завязаны ад самага пачатку. У хуткім часе ён разгарнуў сьцяг і ўжо да самага фінішу бег, трымаючы яго ў руках.

«Паўмаратон гэта ня толькі пра спорт, але і файная магчымасьць прасоўваць нейкія ідэі. Там і камэрцыйныя арганізацыі, і ЮНІСЭФ, і ААН маюць сваіх прадстаўнікоў, якія бягуць зь іх сымболікай, зь іх сьцягамі. І я падумаў, што гэта выдатная магчымасьць прасоўваць наш нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг».

Уладзь Сташкевіч кажа, што астатнія ўдзельнікі і гледачы вельмі добра рэагавалі на сьцяг.

«Кожныя 2-3 хвіліны мне крычалі „Жыве Беларусь!“, а я адказваў „Жыве вечна!“ Людзі мяне даганялі, нехта бег побач, знаёміліся, хвалілі, шкадавалі, што самі не дадумаліся ўзяць сьцяг. Я адказваў, што ў наступным годзе будзе такая магчымасьць. Некаторыя нават сэлфі са мной рабілі».

На фінішы
На фінішы

Паводле Сташкевіча, размовы падчас бегу, магчыма, крыху перашкодзілі тэмпу — ён адолеў дыстанцыю прыблізна за 2 гадзіны 4 хвіліны, хоць падчас трэніровак звычайна прабягаў яе на 10 хвілін хутчэй. Сташкевіч кажа, што ўпершыню ўдзельнічаў ў Менскім паўмаратоне летась — тады ён прабег найменшую магчымую дыстанцыю для ўдзельніка, пяць з паловай кілямэтраў. А сёлета, пасьля трэніровак, ён адолеў дыстанцыю цалкам.

Раней за публічную дэманстрацыю нацыянальнай сымболікі людзей часам затрымлівалі. «Я ў прынцыпе быў гатовы атрымаць штраф. Дзеля такой падзеі можна было і рызыкнуць,» — кажа Ўладзь Сташкевіч.

Паўмаратон — забег на дыстанцыю 21 км 97,5 мэтраў. Першы менскі паўмаратон прайшоў у 2013 годзе на сьвята гораду. У 2015 годзе спаборніцтва сабрала ўжо больш за 16 тысяч удзельнікаў, а ў 2016 годзе — больш за 20 тысяч.

  • 16x9 Image

    Аляксей Знаткевіч

    Нарадзіўся ў вёсцы Дашкаўка Магілёўскага раёну. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Ўнівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чэпэл-Гіле (ЗША). Быў рэпарцёрам і рэдактарам інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН», а таксама карэспандэнтам у Беларусі Інтэрнэт-часопісу «Transitions Online». Літаратурныя тэксты і пераклады з ангельскай і чэскай моваў друкаваліся ў часопісе Arche.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG