Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба жыць цяперашнім». Дыскутуючы мінулае, мы ня толькі жывем цяперашнім, мы адначасова вызначаем кірункі разьвіцьця ў будучыні.

«Куды нашы спэцслужбы глядзяць, дапускаючы інфармацыю нацыяналістаў у інтэрнэт?! Вайны ў хахлоў мала?!», — пытаецца гамяльчук Алег Катлабай у камэнтарах пад відэа Свабоды пра Аршанскую бітву.

Нэўтральны па падачы інфармацыйны ролік выклікае такую бурлівую рэакцыю. Відаць, у Алега Катлабая ў галаве не ўкладаецца як гэта: «з братняю Русьсю» і «перамаглі маскавітаў».

Штогод да ўгодкаў Аршанскай бітвы актывізуюцца ВКЛаскептыкі. Працытаваны вышэй камэнт — квінтэсэнцыя таго, што некаторыя не наважваюцца сказаць публічна, а таму шукаюць больш лагодныя варыянты каб зрабіць малазначнай для сучасных беларусаў ня толькі важнасьць Аршанскай бітвы, а наагул ВКЛ як такое.

— Калі гэта было (ВКЛ — РС), трэба жыць цяперашнім;

— Звычайныя сярэднявечныя фэадальныя разборкі (пра Аршанскую бітву — РС); — І дзе цяпер тое ВКЛ?;

— У ВКЛ беларусы былі захопленыя літоўцамі;

— Беларусаў тады не было.

1. Эквілібрыстыка з назвамі краін і народаў.

Назвы «беларусы» ў XVI ст. не было, а людзі былі. Гэта былі нашы з вамі пра-пра-пра-пра...дзеды. Не было калісьці ні Францыі, ні Нямеччыны, ні Расеі ўрэшце. Але значныя падзеі з даўняй гісторыі ў названых краінах памятаюць і шануюць незалежна ад таго, якая ў мінулыя часы была саманазва ў продкаў. Беларусь не выключэньне.

2. Перанос сучасных рэалій на сярэднявечныя і старажытныя.

«Літоўцы» не маглі захапіць «беларусаў» толькі з адной прычыны: ВКЛ са сталіцай у Наваградку у сярэдзіне ХІІІ ст. утварыў адзін народ. Перад тым славянскія і балцкія плямёны не адно стагодзьдзе суіснавалі разам. Калі б існавала машына часу, сёньняшні беларускі прыхільнік ідэі «заваяваньня літоўцамі» са зьдзівам дазнаўся б, што ягоны продак тысячу гадоў таму насіў балцкае імя, і размаўляў сумесьсю балцкіх і славянскіх словаў.

3. Прыніжэньне ўплыву гістарычных працэсаў на сучаснасьць.

«І дзе цяпер тое ВКЛ?». Тое ВКЛ цяпер жыве ў выглядзе Літоўскай Рэспублікі і адраджэньня самасьвядомасьці беларусаў, якія ўсё часьцей ставяць знак «роўна» між паняцьцямі «літвін» і «беларус». Балет «Вітаўт», помнік вялікаму князю Літоўскаму Альгерду ў Віцебску, помная манэта гетману Канстанціну Астроскаму і «Пагоня» як складовы элемэнт Віцебскай вобласьці і некаторых гарадоў — толькі бачная частка ўсьведамленьня беларусамі ВКЛ як сваёй дзяржавы.

4. Падвойныя стандарты ў стаўленьні да подзьвігу чалавека ў розныя гістарычныя эпохі.

«Звычайныя сярэднявечныя фэадальныя разборкі». Маўляў, «ад простага чалавека нічога не залежыць». З такой лёгікі можна цьвердзіць, што сёньня адбываюцца «звычайныя» мафіёзныя, карпаратыўныя ці імпэрскія разборкі. Тым ня менш, нашы продкі ішлі ў бой за вельмі канкрэтныя рэчы, найперш з сваю сям’ю і за сваю зямлю. Ці можам мы прыніжаць подзьвіг духу людзей Сярэднявечча і адначасова ўслаўляць подзьвіг «простага чалавека», напрыклад, у ІІ-й Сусьветнай вайне? Дзеда шануем, а пра-пра-пра-пра...дзеда не? Выглядае фальшыва.

5. Маніпуляваньне паняцьцямі «мінулае» і «сучаснае».

«Трэба жыць цяперашнім». Дыскутуючы мінулае, мы ня толькі жывем цяперашнім, мы адначасова вызначаем кірункі разьвіцьця ў будучыні.

Насамрэч, той, хто «хоча жыць цяперашнім» без ацэнак мінулага, ён ня хоча будучыні. Ён хоча каб усё заставалася як ёсьць. А тым самым, цягне сябе і краіну ў мінулае. Жыцьцё не ліфт, які можа захраснуць між паверхамі. Жыцьцё такое: альбо назад, альбо наперад.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG