Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі прыпынілі гульні ў страйкбол праз вучэньні «Захад-2017»


Гульня у страйкбол, ілюстрацыйнае фота

Латвійскія ўлады заклікалі ўдзельнікаў ваенных гульняў, падобных да страйкболу, цалкам прыпыніць дзейнасьць у верасьні праз расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017». Паведамляецца, што гэтая мера зьвязаная з пагрозай ваенных правакацыяў.

Усякія людзі ў камуфляжы аўтаматычна выклікаюць у мясцовага насельніцтва асацыяцыі з «зялёнымі чалавечкамі», лічыць дэпутат латвійскага парлямэнту, намесьнік кіраўніка камісіяў нацыянальнай бясьпекі і ўнутраных справаў Карліс Сэржантс.

«У суседняй краіне людзі таксама без апазнавальных знакаў захапілі Крым», — заявіў ён рускай службе BBC.

Паліцыя бясьпекі Латвіі пацьвярджае: мясцовыя жыхары сапраўды непакояцца пры выглядзе людзей у вайсковай форме.

«Паліцыя бясьпекі пастаянна атрымлівае і правярае інфармацыю ад жыхароў аб магчымых ваенных дзеяньнях, у тым ліку пра тое, што на тэрыторыі Латвіі зьбіраюцца людзі з баявой зброяй, апранутыя ў вайсковую форму без апазнавальных знакаў», — распавялі ВВС у ведамстве.

Латвійскія ўлады асьцерагаюцца, што ў верасьні, калі Расея і Беларусь праводзяць вучэньні, у тым ліку ля латвійскай мяжы (напрыклад, у Пскоўскай вобласьці), людзі ў вайсковай форме могуць выклікаць у жыхароў яшчэ большую занепакоенасьць.

Паліцыя бясьпекі Латвіі афіцыйна абвясьціла, што падчас вучэньняў «Захад-2017», якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі 14-20 верасьня, спэцслужба працуе ў асаблівым рэжыме, а яе пільная ўвага будзе прыкаваная, у тым ліку, да гульцоў у страйкбол.

На ўвагу з боку дзяржаўных структураў прыхільнікі страйкболу рэагуюць па-рознаму. Аднак напярэдадні расейска-беларускіх вучэньняў многія вырашылі не сварыцца з органамі дзяржаўнай бясьпекі і сапраўды згарнуць дзейнасьць.

Страйкбол — камандная ваенна-спартовая гульня, удзельнікі якой выкарыстоўваюць пнэўматычныя копіі баявой зброі.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

XS
SM
MD
LG