Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: З М’янмы за два тыдні ад перасьледу ўцяклі 300 тысяч мусульман-рагінг’я


Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заявіла 9 верасьня, што каля 300 000 мусульман-рагінг’я уцяклі ў Банглядэш з штату Ракхайн у М’янме на працягу 15 дзён з пачатку ўзмацненьня сутыкненьняў паміж будысцкай большасьцю і мусульманамі ў краіне, якое адбылося 25 жніўня.

Большасьць рагінг’я прыбываюць у Бангладэш пешшу або на лодках уздоўж 278-кілямэтровай мяжы паміж Бангладэш і М’янмай.

Пасьля нападу паўстанцаў на паліцэйскія блёкпасты ўлады М’янмы пачалі ваенную апэрацыю ў штаце Ракхайн. У выніку сутыкненьняў загінулі больш за 400 чалавек, паведамлялася пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва і падпалы дамоў.

Гуманітарнай місіі ААН давялося прыпыніць дзейнасьць у рэгіёне пасьля таго, як улады М’янмы абвінавацілі арганізацыю ў падтрымцы паўстанцаў. Уцекачам дапамагаюць супрацоўнікі Чырвонага крыжа. Лягеры уцекачоў перапоўненыя, тысячы людзей галадаюць.

У М’янме, большасьць насельніцтва якой складаюць будысты, этнічная група рагінг’я, якая вызнае ў асноўным іслам, заяўляе пра перасьлед з боку ўладаў. Крывавыя сутыкненьні ў рэгіёне здараюцца ўжо ня першае дзесяцігодзьдзе. Калі яны абвастрыліся ў 2012 годзе, больш як 100 000 рагінг’я мусілі пакінуць свае дамы. Яны знайшлі прытулак у лягерах для ўнутрана перамешчаных асобаў. У той жа час у іншых месцах М’янмы таксама жыве шмат мусульман, і дачыненьні паміж імі і будыстамі пераважна спакойныя — хоць апошнім часам, на фоне канфлікту з рагінг’я, напружанасьць пачала ўзьнікаць і там.

XS
SM
MD
LG