Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністру культуры прапанавалі прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю


Павал Белавус

Лідэр «Гавары праўду» і кіраўнік «Арт-сядзібы» прапанавалі міністру культуры прызнаць у 2018 годзе бел-чырвона-белы сьцяг нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

8 верасьня лідэра «Гавары праўду» Тацяну Караткевіч і кіраўніка «Арт-сядзібы» Паўла Белавуса паўтары гадзіны прымаў міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў. Яны ўзьнялі перад міністрам тры галоўныя пытаньні, сказала Свабодзе адразу пасьля заканчэньня гутаркі спадарыня Караткевіч:

«Мне падалося, што мы былі пачутыя. Спачатку мы казалі пра тое, што грамадзянская супольнасьць ужо ня першы год зьвяртаецца да міністэрства з прапановай надаць бел-чырвона-беламу сьцягу, які адзін час быў дзяржаўным, статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Нам падаецца, што такое рашэньне магло б хутка аб’яднаць беларусаў.

Мы і раней зьвярталіся ў міністэрства, але тады атрымлівалі дастаткова фармальныя адказы. Таму вельмі важна было ведаць пазыцыю міністра. Спадар Сьвятлоў сказаў нам, што ён таксама выступае за згоду ў грамадзтве. Але, каб зрушыць справу зь месца, неабходна мець ня толькі пажаданьні грамадзкасьці, але і абавязкова абгрунтаванае меркаваньне навукоўцаў. І мы дамовіліся амаль пра пакрокавую стратэгію вырашэньня гэтай праблемы.

Тацяна Караткевіч, архіўнае фота
Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

„Гавары праўду“ прапанавала зрабіць наступны год годам беларускай дзяржаўнасьці. І гэтую ініцыятыву мы сёньня таксама агучылі міністру. Бо наперадзе дзьве стогадовыя даты — абвяшчэньне БНР і абвяшчэньне БССР. Іх, на погляд нашай грамадзянскай кампаніі, можна аб’яднаць і насыціць жыцьцё гэтай тэматыкай. У прыватнасьці, паколькі далёка ня ўсе ведаюць акалічнасьці гэтых падзеяў, мы прапанавалі зьняць дакумэнтальны кінасэрыял. Каб насельніцтва ведала, хто тыя людзі, якія дапамаглі сфармаваць беларускую дзяржаўнасьць. І ў наступным годзе было б вельмі дарэчы прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

І трэцяя тэма — людзкі боль тых, хто працуе ў сфэры культуры. Людзі, якія тут працуюць, зарабляюць вельмі мала. Да таго ж яны часта скардзяцца на бюракратызацыю галіны. Мы спрабавалі разам знайсьці выхад, каб людзі атрымлівалі тут годны заробак, каб да іх ставіліся з павагай».

50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг

Міністэрства культуры ня ведае, у чым каштоўнасьць бел-чырвона-белага сьцяга, і зьвярнулася ў Акадэмію навук

Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі ўзаконеныя ў якасьці дзяржаўнай сымболікі 19 верасьня 1991 году Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня. 14 траўня 1995 году з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі прайшоў рэфэрэндум, у выніку якога гэтыя дзяржаўныя сымбалі замянілі сьцягам і гербам, створанымі на аснове сымболікі БССР.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG