Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» патрабуе надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці


27 ліпеня кампанія «Гавары праўду» накіравала заяву ў Міністэрства культуры, у якой просіць дадаткова разгледзець калектыўны зварот грамадзянаў аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Да заявы далучана факталягічнае абгрунтаваньне на 25 старонках, якое ў 2013 годзе падрыхтавала грамадзкая ініцыятыва «Арт-сядзіба».

Аўтары звароту просяць правесьці адкрытае і публічнае пасяджэньне Навукова-мэтадычнай рады пры Міністэрстве культуры і грамадзкія слуханьні пад эгідай міністэрства. І надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

«У сувязі з тым, што вашае ведамства цягам 9 гадоў рэгулярна атрымлівае такія звароты (2008, 2013, 2014, 2016 гады) лічым гэтае пытаньне актуальным і вартым публічнай дыскусіі і станоўчага рашэньня. Таксама зьвяртаем ўвагу на тое, што такое рашэньне па гэтым пытаньні будзе спрыяць паніжэньню канфліктных пытаньняў і спрэчак, зьвязаных з тым, што гэтая сымболіка выкарыстоўваецца рознымі групамі нашага грамадзтва», — гаворыцца ў заяве.

Паводле аўтараў заявы, наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гістарычнай каштоўнасьці «замацуе нашу павагу да мінулага беларусаў» і дазволіць кансалідавацца дзеля упэўненай будучыні незалежнай Беларусі.

«І гэта было б справядліва: да 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі бел-чырвона-беламу сьцягу, які мае ўжо народнае прызнаньне, дадаць і прызнаньне дзяржаўнае», — адзначыла Тацяна Караткевіч.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG