Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыгерой беларускага руху


Кніга «Чужы сярод чужых»
Кніга «Чужы сярод чужых»

Галоўны палянафіл беларускага руху Аляксюк быў брыдкі для ўсіх. «Чужым сярод чужых» назваў яго гісторык Андрэй Чарнякевіч. Гэта назва палітычнай біяграфіі Паўла Алексюка, жанра, вельмі рэдкага ў нас.

Пра Алексюка я пачуў першы раз ад Зоські Верас, вельмі даўно. Яна выказвалася аб ім з дыстанцыі, адчувалася, што, бадай, не любіла. Нічога дзіўнага. Не любілі яго многія. Шчыры патрыёт, ён зрабіўся пэрсонай нон грата ў Заходняй Беларусі.

Гімназіст Аляксюк — адзін з заснавальнікаў Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі (1909). Некалькі год дасылаў у «Нашу Ніву» разгорнутыя карэспандэнцыі з Горадні.

Андрэй Чарнякевіч падпісвае сваю кнігу пра Паўла Алексюка. Яны выдадзеная Андрэем Янушкевічам у Менску накладам 300 асобнікаў, у кнізе 316 старонак
Андрэй Чарнякевіч падпісвае сваю кнігу пра Паўла Алексюка. Яны выдадзеная Андрэем Янушкевічам у Менску накладам 300 асобнікаў, у кнізе 316 старонак

Чарнякевіч называе яго першым сьвядомым беларускім гарадзенцам. У лісьце ў віленскае небеларускае выданьне ў 1909 годзе Аляксюк напісаў адваротны адрас: Горадня, Беларусь. Ён быў першым, хто зьмясьціў Горадню ў Беларусі, кажа гісторык.

У 1915-м узначаліць гарадзенскае прадстаўніцтва Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Дзейнічаў у шчыльнай сувязі зь літоўскімі арганізацыямі на беларуска-літоўскім памежжы, у тым ліку ў Друскеніках. Ажаніўся зь літоўкай.

Вайна — у Горадню, Аляксюк — у Менск. Далучыўся да стварэньня беларускага асяродку. Побач зь ім Максім Багдановіч у «Беларускай хатцы», Аркадзь Смоліч, Фабіян Шантыр.

1917 год, Лютаўская рэвалюцыя. Першыя беларускія мітынгі: Аляксюк удзельнічае. Ён жа ў дэлегацыі, якая хоча прапанаваць Часоваму ўраду свой праект. Сустрэча з князем Львовым, размова пра неабходнасьць стварэньня беларускай аўтаноміі. Яго актыўнасьць «зашкальвае», кажа гісторык. Ён быў першым прадстаўніком беларусаў у гарадзкой радзе Менску, спрачаўся з Фрунзэ. Спрэчкі, канфлікты — ягоная стыхія, ніколі не ўхіляўся.

Павал Аляксюк сыходзіцца з Раманам Скірмунтам. Апынаецца ў Беларускай вайсковай радзе. У той жа час пра яго можна было ўжо гаварыць як пра чалавека, «схільнага да авантурызму і палітычнага ашуканства». Аляксюк едзе па грошы да ўкраінскай рады ў Кіеў. Іх называюць часам першай беларускай дзяржаўнай пазыкай. Куды яны зьніклі — дакладна невядома.

Надалей будуць іншыя сытуацыі, калі Аляксюк атрымоўвае вялікія грошы на пэўную дзейнасьць, і яны застаюцца ў ягоных руках. Першы кіраўнік ураду Язэп Варонка жыў у Менску на кватэры ў Алексюка. Аднойчы афіцыйныя блянкі і пячатку ў Варонкі выкралі. Аляксюк «пазычыў» іх у кватаранта, каб зрабіць спробу дапамагчы Скірмунту ўзначаліць урад.

У 1919 годзе ён вяртаецца ў Горадню. Разам са Смолічам правёў першы мітынг на беларускай мове. Луцкевіч прызначае яго неафіцыйна кіраваць Гарадзенскай губэрняй БНР. Аляксюк узначальвае Цэнтральную беларускую раду Гарадзеншчыны.

Пасьля захопу палякамі Горадні і ад’езду ў Парыж Луцкевіча Аляксюк заставаўся ў горадзе прадстаўніком БНР. У яго руках была частка другой украінскай пазыкі. Разам з Тарашкевічам яны сустракаюцца з кіраўніком польскай дэфэнзывы ў Вільні. Алексюку былі прапанаваныя грошы, каб склікаць беларускі зьезд і выкарыстаць яго для плянаў Пілсудзкага. Ён грошы ўзяў. Зьезд у Вільні праваліўся. Алексюка палічылі здраднікам. У беларускай прэсе ён — адмоўны герой.

У 1921 годзе зьехаў у правінцыю, у Наваградак, дзе пражыў дзесяць год. Магчыма таму, што ў польскіх уладаў адзін час была думка стварыць у Наваградзкім ваяводзтве беларускую «рэзэрвацыю». Аляксюк атрымае юрыдычную адукацыю, стане адвакатам, узначаліць арганізацыю ТБШ. Будзе ўдзельнічаць у палітычным жыцьці на мясцовым ўзроўні. Можна лічыць: беларускае жыцьцё ў гэтым горадзе існавала таксама дзякуючы яму, Алексюку.

Яго сьляды губляюцца ў 1956 годзе ў цэнтральнай Польшчы, дзе ён працаваў натарыюсам у невялікім мястэчку. Зьнік зь беларускага далягляду, захаваў жыцьцё…

«Беларуская крыніца» называла яго «беларускім вырадкам», Цярэшчанка — «мярзаўцам». Дуж-Душэўскі і Цьвікевіч лічылі авантурыстам. Адзін з кіраўнікоў польскіх спэцслужбаў напіша: «Усе беларусы лічаць яго вельмі здольным дзеячом, але разам з тым —шантажыстам і злодзеем».

Андрэй Чарнякевіч ня любіць ярлыкоў і хацеў высьветліць — якім насамрэч чалавекам быў Алексюк, «бацька беларускіх палянафілаў», як яго назвалі ў даваенным друку. Называць вуліцу ягоным імем ці вешаць памятную шыльду гісторык не прапануе. Хаця такая думка не здаецца недарэчнай некаторым гарадзенцам. Ён тварыў беларускае жыцьцё ў горадзе, змагаўся за Беларусь, у яго былі несумненныя заслугі. І гэта больш прыдатнае імя для вуліцы ў Горадні, чым, напрыклад, Урыцкі, галоўны піцерскі чэкіст, па вуліцы якога я хаджу амаль кожны дзень.

Мне спадабалася, як адзін з гісторыкаў, прачытаўшы «Чужога сярод чужых», разважыў: жыцьцё палітычнае заўсёды «паласатае». У беларускім руху ўсе былі здраднікі адзін аднаго, усе ў розныя бакі глядзелі, калі беларуская ідэя не знаходзіла падтрымкі, а яны так і не змаглі аб’яднацца. Пераканаўча. Ну, а тут пад руку трапіўся казёл ахвярны, Аляксюк Павал. Хаця грошы, што ўмеў здабыць, перш ішлі на беларускую справу. Чарнякевіч дапускае, што й Булак-Булаховічу дапамагаў. Але й сябе ня крыўдзіў, вядомая рэч.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG