Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС прапануе забараніць продаж алькаголю пасьля 23 гадзін у крамах і АЗС


Міністэрства ўнутраных спраў прапануе ўвесьці строгія меры ў сфэры абароту алькаголю: забараніць продаж алькагольных напояў пасьля 23 гадзін у крамах і на АЗС.

Пра гэта паведаміў журналістам начальнік упраўленьня прафіляктыкі МУС Алег Каразей.

«У ідэале, як гэта зроблена ў многіх краінах, можна гаварыць пра дзесяць гадзін вечара. Але пасьля абмеркаваньня з зацікаўленымі ведамствамі, у прыватнасьці з міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, прыйшлі да высновы, каб спачатку хаця б пасьля 23.00 спыніць продаж алькаголю ў розьніцу», — цытуе БелТА Алега Каразея.

Паводле прадстаўніка МУС, спыніць продаж алькаголю неабходна і на аўтазаправачных станцыях, куды накіроўваюцца тыя, хто не пасьпеў набыць напоі ў краме.

Як сьведчыць статыстыка, у Беларусі цягам апошніх некалькі гадоў зьніжаецца колькасьць злачынстваў, учыненых пад уплывам алькаголю. Аднак 80% забойстваў, разбояў і рабаваньняў учыняецца людзьмі ў стане алькагольнага апʼяненьня.

«Большасьці гэтых правапарушэньняў не было б, калі б людзі не знаходзіліся пад уплывам алькаголю», — сказаў Каразей.

МУС лічыць, што нельга спыняцца на дасягнутым і прымаць новыя захады па барацьбе з пʼянствам і алькагалізмам.

Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван Канаразаў на каардынацыйнай нарадзе галоўных нарколягаў дзяржаваў — чальцоў АДКБ паведаміў, што ў Беларусі каля 160 тысяч алькагольна залежных. У краіне цяпер працуе 8 лячэбна-працоўных прафілякторыяў: 5 мужчынскіх і 3 жаночыя. Дзявяты нядаўна закрылі ў Віцебску.

Прапанова дазволіць прадаваць алькаголь з 21 году, а не з 18 гадоў у Беларусі не прайшла, паведаміў нарколяг Сяргей Осіпчык.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG