Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра функцыянальнае харчаваньне і нутрыцэўтыкі


У сьвеце сучаснай рэклямы спажыўцу часам вельмі цяжка самастойна разабрацца ў тэме гаворкі безь некаторых спэцыяльных ведаў.

Што такое функцыянальнае харчаваньне і нутрыцэўтыкі?

Пры функцыянальным харчаваньні вы спажываеце прадукты, якія ня толькі насычаюць, але і здольныя прадухіліць некаторыя хваробы ці палягчаць стан хворага.

Нутрыцэўтыкі — гэта тая ж самая функцыянальная ежа, толькі яна падаецца чалавеку ў выглядзе «лекаў» — пілюляў або капсул.

У няякаснай рэкляме гэтыя тэрміны часта ўжываюцца. Часам кажуць, што той ці іншы прадукт адносіцца да функцыянальнага харчаваньня, бо зьніжае ўзровень халестэрыну нізкай шчыльнасьці, які садзейнічае разьвіцьцю атэрасклерозу. Насамрэч перад тым, як аб’явіць прадукт функцыянальным, папярэдне павінны быць праведзеныя вельмі сур’ёзныя, грунтоўныя навуковыя дасьледаваньні, якія дакладна пацьвердзяць карысныя якасьці прадукту. Вось гэтага часам нестае.

Якія жа прыклады функцыянальнага харчаваньня?

Цяпер вельмі распаўсюджаныя спрэды, якія гатуюцца са стэролаў расьлін і маюць уласьцівасьць празь некалькі тыдняў ужываньня зьніжаць колькасьць халестэрыну нізкай шчыльнасьці на 10 — 15% за кошт зьніжэньня ўсмоктваньня прадуктаў з дрэнным халестэрынам у страўнікава-кішэчным тракце. Гэтыя рэчывы ўжываюцца замест алею ці маргарыну.

Досыць распаўсюджаныя харчовыя дабаўкі, якія маюць у сваім складзе амэга-поліненасычаныя тлустыя кіслоты, яны таксама прыдатныя для прафіляктыкі атэрасклерозу. Гэтыя дабаўкі уводзяць у склад яек, і іх раяць тым людзям, якія дзеля розных прычын, напрыклад, алергіі, ня могуць спажываць неабходную для добрага здароўя марскую рыбу.

Пры гэтым трэба адзначыць, што функцыянальная ежа часам можа быць небясьпечнай для здароўя — напрыклад, спрэды са стэролаў расьлін супрацьпаказаныя дзецям, падлеткам, кормячым і цяжарным жанчынам, таму што могуць зьніжаць усмоктваньне некаторых вітамінаў. Да таго ж яны нятанна каштуюць. Спрэды са стэролаў расьлін значна даражэй, чым алей ці маргарын, замест якіх яны ўжываюцца.

Шмат дыскусій сёньня ўзьнікае наконт узбагачэньня прадуктаў харчаваньня рознымі рэчывамі. У Беларусі прадукты, напрыклад, соль, узбагачаюцца ёдам і гэта вельмі карысна ва ўмовах зьніжэньня яго ўтрыманьня ў акаляючым прыродным асяродзьдзі. Ёсьць і іншыя прыклады ўзбагачэньня прадуктаў. Напрыклад, у Вялікабрытаніі мука ўзбагачаецца кальцыем, а маргарын і жывёльны алей вітамінамі А і D. А вось наконт узбагачэньня круп такімі рэчывамі як фалаты, вядуцца навуковыя дасьледаваньні, і гэтае пытаньне пакуль канчаткова ня вырашана.

Сёньня шмат рэклямы, у якой прапануецца функцыянальнае харчаваньне ці нутрыцэўтыкі. Часам гэта сапраўды карысна, але досыць нятанна і да таго ж ужываньне функцыянальнай ежы можа прывесьці да ўскладненьняў.

Таму наша парада — перш чым прымаць рашэньне пра ўжываньне функцыянальнага харчаваньня ці нутрыцэўтыкаў парайцеся са сваім лекарам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG