Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін супраць новых санкцыяў адносна КНДР і паставак амэрыканскай зброі Ўкраіне


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, прэсавая канфэрэнцыя па выніках саміту БРІКС, 5 верасьня 2017

Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін заявіў у аўторак, што ўзмацненьне санкцыяў супраць Паўночнай Карэі ў сувязі зь яе ядзернай і ракетнай праграмай будзе контрапрадуктыўным, а пагрозы ваенных дзеяньняў могуць прывесьці да «плянэтарнай катастрофы». Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Выступаючы пасьля саміту БРІКС ў Кітаі, Пуцін скрытыкаваў працу амэрыканскай дыпляматыі ў крызыснай сытуацыі і зноў заклікаў да перамоваў.

Паводле яго слоў, Пхеньян не спыніць ракетныя выпрабаваньні, пакуль не адчуе сябе ў бясьпецы.

«Расея асуджае гэтыя практыкаваньні з боку Паўночнай Карэі, мы лічым, што яны носяць правакацыйны характар», — сказаў Пуцін.

«У гэтых умовах нагнятаньне ваеннай гістэрыі да добрага не давядзе, гэта ўсё можа прывесьці да глябальнай плянэтарнай катастрофы і да велізарнай колькасьці чалавечых ахвяраў. Ніякага іншага шляху, акрамя мірнага, дыпляматычнага спосабу рашэньня паўночнакарэйскай ядзернай праблемы не існуе» — дадаў ён.

Заява Пуціна прагучала праз два дні пасьля таго, як Паўночная Карэя правяла шостае, самае маштабнае ядзернае выпрабаваньне.

Прэзыдэнт Расеі таксама заявіў, што любое рашэньне ЗША аб пастаўках зброі Ўкраіне пагоршыць канфлікт на ўсходзе Ўкраіны і, магчыма, заахвоціць прарасейскіх сэпаратыстаў пашырыць сваю кампанію.

Падчас нядаўняга візыту ў Кіеў міністар абароны ЗША Джым Мэтыс заявіў, што ён актыўна вывучае пытаньне аб пастаўках Украіне зброі, каб дапамагчы ёй абараняць сябе. Папярэдні прэзыдэнт ЗША Барак Абама наклаў вета на адпаведны законапраект.

«Пастаўка зброі ў зону канфлікту не ідзе на карысьць супакаеньню, а толькі пагаршае сытуацыю, — сказаў Пуцін на прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту БРІКС ў Кітаі. — Гэтае рашэньне сытуацыю не зьменіць. Яно наогул ніяк не паўплывае на зьмену сытуацыі. Але колькасьць ахвяраў, безумоўна, можа павялічыцца ».

Расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што «калі амэрыканская зброя будзе паступаць у зону канфлікту, цяжка сказаць, як будуць рэагаваць самаабвешчаныя рэспублікі. Можа быць, яны накіруюць наяўную ў іх зброю ў іншыя зоны канфлікту, якія адчувальныя для тых, хто стварае праблемы для іх».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG