Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Ідэя, што капіталізм — гэта адзіная сыстэма, якая можа сёньня існаваць, — поўная лухта


Генадзій Зюганаў і Аляксандар Лукашэнка

Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў, прымаючы ў Менску лідэра камуністычнай партыі Расеі Генадзія Зюганава.

Аляксандар Лукашэнка сказаў: «Перш за ўсё хачу вас павітаць на тэрыторыі сацыяльнай дзяржавы з сацыялістычнай ідэалёгіяй. Думаю, вам гэта блізка. Для мяне таксама. Падкрэсьліваю абсалютна адкрыта, шчыра: вашыя ідэі нам не чужыя. Больш за тое, у адрозьненьне ад многіх постсавецкіх рэспублік мы спрабуем — і многае ў нас атрымліваецца — з рэалізацыяй гэтых ідэяў. Таму ідэя, што рынак нас выратуе, што капіталізм — гэта адзіная сыстэма, якая можа сёньня існаваць, — поўная лухта. Трэба проста працаваць і шанаваць людзей. Прыйдзе час, калі мы пашкадуем, што ўсё зь мінулага перакрэсьлілі».

Мы стараемся трымацца, але цяжкавата без вас.

На думку кіраўніка Беларусі «раней людзі на эўфарыі былі, думалі: ах, напэўна, вось калі гэта рынак, калі гэта той капіталізм, як у Эўропе, мы ўсе будзем жыць лепш няма куды. А атрымалася зусім наадварот. Мы стараемся трымацца, але цяжкавата без вас».

Зюганаў пагадзіўся з меркаваньнем Лукашэнкі, сказаўшы, што сёньня краіны ня могуць паўнавартасна разьвівацца ў адзіночку: «Мы жывем ва ўмовах крызісу, новых санкцыяў, такіх выклікаў, якія патрабуюць абʼяднаньня нашых намаганьняў, згуртаванасьці, умацаваньня дружбы, эканамічных сувязяў».

Кіраўнік КПРФ пахваліў беларускія ўлады за тое, што яны не абмяжоўваюць трансьляцыю на Беларусь расейскіх тэлеканалаў: «Я зьвярнуў увагу, вы ўсё паказваеце. Хоць часам папракаюць, вы абсалютна ўсе паказваеце».

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ў Беларусі прытрымліваюцца менавіта такой палітыкі ў інфармацыйнай сфэры: «Мы нічога не баімся, мы паказваем, як жыве наш „старэйшы брат“, якія ідэі розныя групы людзей і партыі прапаведуюць», — растлумачыў ён.

Генадзій Зюганаў — часты госьць беларускага кіраўніка. Апошні раз старшыня КПРФ быў у Беларусі ў ліпені сёлета, калі Аляксандар Лукашэнка ўручыў яму беларускі ордэн Дружбы народаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG