Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская міністарка назвала беларускі балет «Вітаўт» правакацыяй і дэманстрацыяй «мяккай сілы»


Сцэна з балету «Вітаўт» (фота БелаПАН)

Пляны паказаць у студзені наступнага году ў Вільні балет беларускага тэатру «Вітаўт» зьяўляюцца дэманстрацыяй «мяккай сілы» і правакацыяй, заявіла міністарка культуры Літвы Ліяна Руокіце-Ёнсан.

Такім чынам яна ацаніла пляны паказаць на арэне Siemens выступленьне Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. У анонсе мерапрыемства гаворыцца, што балет прымеркаваны «да стагодзьдзя незалежнасьці Літвы».

«Адназначна нэгатыўна ацэньваю спробу арганізатараў выступу далучыцца да мерапрыемстваў стагодзьдзя аднаўленьня дзяржавы. Зьвяртаю ўвагу, што гэты выступ ніяк не зьвязаны з праграмай стагодзьдзя аднаўленьня Літоўскай дзяржавы, больш за тое, не атрымлівае ніякага фінансаваньня ад міністэрства культуры», — сказала міністарка ў камэнтары для агенцтва BNS.

Паводле яе, Літва — дэмакратычная краіна, у якой можна арганізоўваць розныя мерапрыемствы. «Але ўсё ж, на маю асабістым думку, з улікам намаганьняў нашых усходніх суседзяў выкарыстоўваць культуру і мастацтва як інструмэнты „мяккай сілы“, арганізацыю такіх мерапрыемстваў прама перад 16 лютага трэба разглядаць як правакацыю», — сказала яна.

Сцэна з балету «Вітаўт» (фота БелаПАН)
Сцэна з балету «Вітаўт» (фота БелаПАН)

У анонсе мерапрыемства на сайце арэны Siemens арганізатары пішуць, што перамовы аб паказе ў Вільні балету «Вітаўт» ішлі з 2015 году, і гэта будзе «падарунак Літве ў сувязі са стагодзьдзем незалежнасьці».

Прэм’ера спэктакля Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатру опэры і балету Беларусі прайшла ў 2013 годзе. Балет атрымаў узнагароду прэзыдэнта Беларусі «За духоўнае адраджэньне».

Шмат якія літоўскія гісторыкі лічаць, што Беларусь прысвойвае князёў Вялікага княства Літоўскага ў якасьці герояў беларускага народу.

Крама «Князь Вітаўт» у Віцебску
Крама «Князь Вітаўт» у Віцебску

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG