Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск далучыўся да польскай акцыі публічнага літаратурнага чытаньня


Аўтар перакладу п'есы Станіслава Высьпянскага Лявон Баршчэўскі прыняў удзел у публічным чытаньні твору.

У Менску прайшло беларуска-польскае чытаньне п’есы Станіслава Высьпянскага «Вясельле» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага.

«Нацыянальнае чытаньне» — новая польская традыцыя, якая існуе з 2012 года, яе ініцыяваў тагачасны прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, тады ў многіх польскіх гарадах публічна чыталі «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Пазьней ідэю падтрымалі ў іншых краінах сьвету.

Сёлета Беларусь упершыню далучылася да гэтага чытаньня ў рамках праекту Інстытута польскага ў Менску «Літаратура па-над межамі».

Сёньня да польскай акцыі «Нацыянальнае чытаньне», апрача розных гарадоў Польшчы далучылася 22 краіны. Акцыя прайшла пад патранатам прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды і ягонай жонкі.

«Сёньня мы чытаем „Вясельле“ Станіслава Высьпянскага дзьвюма мовамі — па-польску і па-беларуску. Гэта цудоўная магчымасьць жывой сустрэчы дзьвюх нашых моў і культур», — заявіў амбасадар Польшчы ў Менску Конрад Паўлік, адкрываючы імпрэзу ў маляўнічым парку Дома дружбы ў Менску.

На чытаньне сабраліся каля сотні чалавек: акторы тэатру імя Янкі Купалы, музыкі, літаратары, грамадзкія дзеячы, журналісты, якія чыталі па ролях па-польску і па-беларуску, на памяць, невідушчыя чытачы карысталіся друкам Брайля. "Вясельлье"— адна з найвялікшых польскіх п’ес знакамітага аўтара Станіслава Высьпянскага, сёлета яна была абраная для чытаньня польскімі інтэрнаўтамі пад час агульнанацыянальнага галасаваньня. У 2014 годзе гэтая п’еса была апублікаваная ў Менску ў перакладзе Лявона Баршчэўскага.

«Гэта сьвята сяброў чытаньня і сяброў польскай культуры — і гэта рэдкая магчымасьць, каб розныя асяродкі, зьвязаныя з Польшчай, — паляністы, мясцовыя палякі, сустрэліся ў адным месцы з прадстаўнікамі беларускай культуры», — зазначыў дырэктар Інстытуту Польскага ў Менску Матэвуш Адамскі.

XS
SM
MD
LG