Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік СБУ распавёў, дзе могуць утрымліваць зьніклага ў Беларусі ўкраінца


Кіраўнік СБУ Васіль Грыцак мяркуе, што зьніклага ў Беларусі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба ўтрымлівае Фэдэральная служба бясьпекі (ФСБ) Расеі. Пра гэта ён сказаў на брыфінгу, які трансьляваўся на тэлеканале «112 Украіна».

«На жаль, нам ня вельмі шмат вядома пра гэтую гісторыю. Нам вядома толькі тое, што беларускія памежнікі пацьвердзілі заезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь Паўла, і тое, што адтуль ён не выяжджаў», — прыводзіць словы Грыцака агенцтва УНІАН.

«Мы толькі можам здагадвацца, і мы цяпер ловім фрагмэнтарную інфармацыю з нагоды таго, дзе ён можа знаходзіцца, але і вы, і мы разумеем, што, хутчэй за ўсё, ён у руках ФСБ у Расейскай Фэдэрацыі», — сказаў Грыцак.

Як паведамлялася раней, 28 жніўня чалец грамадзкага савета Дзяржпагранслужбы Ўкраіны Ігар Грыб заявіў аб зьнікненьні яго 19-гадовага сына Паўла Грыба. Ён паведаміў, што 24 жніўня сын паехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой пазнаёміўся і меў зносіны толькі ў сацыяльных сетках. Дзяўчына, паводле слоў сына, павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі.

Павел Грыб мусіў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька паехаў на пошукі ў Гомель, дзе высьветліў, што яго сын знаходзіцца ў вышуку на падставе арт. 205 Крымінальнага кодэкса РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку зьяўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).

Шэраг СМІ паведамілі, што Паўла Грыба перахапілі ў Беларусі і могуць утрымліваць у Краснадары, у мясцовым аддзяленьні ФСБ РФ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG