Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна у адказ на «Захад-2017» правядзе свае вучэньні «Нязломная стойкасьць»


Падрыхтоўка да вайсковых вучэньняў "Захад-2017"

Узброеныя Сілы Ўкраіны ў верасьні правядуць шэраг камандна-штабных вучэньняў з прыцягненьнем войскаў і апэратыўных рэзэрваў, галоўнымі зь якіх стануць стратэгічныя манэўры «Нязломная стойкасьць-2017».

Як паведамілі Свабодзе ва ўпраўленьні па сувязях з грамадзкасьцю Ўзброеных сіл Украіны, пра гэта заявіў начальнік Генэральнага штабу — Галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Віктар Мужэнка ў Нацыянальным унівэрсытэце абароны Ўкраіны імя Івана Чарняхоўскага.

«З 12 па 15 верасьня будуць праведзеныя стратэгічныя камандна-штабныя вучэньні з органамі ваеннага кіраваньня і войскамі „Нязломная стойкасьць-2017“. Мэтай мы разглядаем нарошчваньне магчымасьцяў кіраваньня войскамі ў ходзе перагрупоўкі, вядзеньня абарончых, стабілізацыйных і баявых дзеяньняў», — сказаў Віктар Мужэнка.

Паводле яго, перад гэтымі вучэньнямі адбудуцца лягістычныя манэўры па ўдасканаленьні сыстэмы плянаваньня і забесьпячэньня груповак войскаў у ходзе стратэгічнага разгортваньня Ўзброеных сіл і адпору агрэсіі на пагражальных накірунках.

«Мы завершым поўны цыкль апэратыўнага плянаваньня прымяненьня груповак войскаў. Акрамя таго, будзе праведзена трэніроўка сіл і сродкаў тэрытарыяльнай абароны дзяржавы з разгортваньнем штабоў тэрытарыяльнай абароны», — адзначыў Віктар Мужэнка.

Пры гэтым начальнік Генэральнага штабу Ўкраіны дадаў, што беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017» азначаюць больш шырокі кантэкст, чым абвешчаныя манэўры на тэрыторыі Беларусі, якія маюць на мэце падрыхтоўку расейскіх войскаў для наступальных дзеяньняў і ствараюць пагрозу як для краін NATO, так і для дзяржаў постсавецкай прасторы.

«Рэальныя маштабы мерапрыемстваў падрыхтоўкі да вучэньняў „Захад-2017“, тэрміны яго правядзеньня, аб’ёмы прыцягненьня органаў ваеннага кіраваньня і войскаў, у першую чаргу — расейскіх, а таксама іншых узаемазьвязаных мерапрыемстваў, сьведчаць, што сапраўдная мэта і задачы вучэньняў выходзяць далёка за межы афіцыйна агучаных, і ёсьць толькі часткай і прыкрыцьцём сапраўдных плянаў», — перакананы Віктар Мужэнка.

Паводле яго, зьмест вучэньняў і склад залучаных войскаў дазваляюць Расеі разгарнуць на паўднёва-заходнім і заходнім кірунках магутныя наступальныя групоўкі і стварыць умовы для іх працяглага прымяненьня.

«Гэта аб’ектыўна абумоўлівае ўзьнікненьне ваеннай пагрозы шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расеі як супраць Украіны, так і супраць краін NATO. Нагодай для пачатку агрэсіі, улічваючы непрадказальнасьць вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расеі, могуць стаць, напрыклад, маштабныя правакацыі як на тэрыторыі ўсходніх абласьцей Украіны, так і краін Балтыі. Мы пралічваем розныя сцэнары дзеяньняў праціўніка, уключаючы наступальныя дзеяньні», — падкрэсьліў Віктар Мужэнка.

На тэрыторыі Беларусі 14–20 верасьня пройдуць расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017». У іх плянуецца задзейнічаць каля 13 тысяч вайскоўцаў. Расейскія войскі пачалі прыбываць у Беларусь 15 жніўня. Вучэньні пройдуць на шасьці палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Лосьвідзе, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА — Ружанскім і Даманаўскім, а таксама паблізу вёскі Дрэтунь.

Беларусь запрасіла для назіраньня за вучэньнямі на сваёй тэрыторыі па двое назіральнікаў зь сямі краінаў, у тым ліку і Ўкраіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG