Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Містыка на троне. Як Аляксандар Лукашэнка мяняў даты народзінаў


Колькі разоў можна мяняць дату народзінаў? Здавалася б, дзіўнае пытаньне. Гэта калі вы не кіраўнік Беларусі. Аляксандар Лукашэнка пасьпеў памяняць дату свайго зьяўленьня на сьвет некалькі разоў.

Да 2010 году ва ўсіх афіцыйных дакумэнтах, даведніках, энцыкляпэдыях, а таксама на прэзыдэнцкім сайце датай нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі было пазначана 30 жніўня 1954 году.

Давайце па парадку. Да 2010 году ва ўсіх афіцыйных дакумэнтах, даведніках, энцыкляпэдыях, а таксама на прэзыдэнцкім сайце датай нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі было пазначана 30 жніўня 1954 году.

Але потым здарылася нечаканае. Сын Коля нарадзіўся 31 жніўня. І ў кіраўніка дзяржавы ад радасьці пайшла галава кругам. У блізкасьці датаў нараджэньня бацькі і сына ён убачыў нешта містычнае. І вырашыў падправіць сваё мінулае. Вы скажаце, што гэта немагчыма, машыну часу яшчэ не прыдумалі. Але як для каго. Аказалася, што для чалавека зь неабмежаванай уладай магчыма ўсё.

у 2010 годзе, літаральна за некалькі дзён да імянінаў кіраўніка дзяржавы, на афіцыйным сайце прэзыдэнта Беларусі датай нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі было названа 31 жніўня

І вось у 2010 годзе, літаральна за некалькі дзён да імянінаў кіраўніка дзяржавы, на афіцыйным сайце прэзыдэнта Беларусі датай нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі было названа 31 жніўня. Зьдзіўленыя журналісты пачалі зьвяртацца ў прэс-службу прэзыдэнта, але там спачатку адказвалі ў звычайным стылі, калі чорнае называюць белым, што «дата нараджэньня прэзыдэнта ніколі не зьмянялася, заўсёды была 31 жніўня» (!).

Але потым яснасьць унёс сам Лукашэнка:

«Я нарадзіўся 31-га, як і малы... Мяне запісалі 30-га. І па дакумэнтах 30 жніўня — у мяне дзень нараджэньня. Фактычна я нарадзіўся 31-га. І мой малы нарадзіўся 31-га. Мы нават нарадзіліся ў адзін і той жа час, раніцай... Таму блізкія людзі, якія ведаюць мяне, віншуюць мяне апошнія 5–6 гадоў і майго малога — у адзін дзень, 31-га. А па пашпарце я нарадзіўся 30 жніўня. Вось і ўвесь сакрэт».

Здавалася б, гістарычная справядлівасьць адноўленая. Але дзе там. Высьветлілася, што гэта яшчэ не канец фільму, што гэта сэрыял.

СССР называлі краінай зь непрадказальным мінулым. Бо кожны новы генсек перапісваў савецкую гісторыю пад сябе. Дык вось у Беларусі зьявіўся прэзыдэнт зь непрадказальным мінулым.

Дзіўным чынам у дакумэнтах, прадстаўленых Лукашэнкам у Цэнтарвыбаркам для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах таго ж 2010 году, датай нараджэньня было пазначана па-ранейшаму 30 жніўня.

А ў 2012 годзе і на афіцыйным сайце прэзыдэнта Беларусі дату ягонага нараджэньня вярнулі назад — на 30 жніўня. Гэтая дата ўзгадвалася некалькі гадоў.

І вось чарговы паварот. Цяпер на сайце датай народзінаў Аляксандра Лукашэнкі зноў значыцца 31 жніўня.

Зразумела, замежныя кіраўнікі не пасьпяваюць за такімі зыгзагамі і віншуюць кіраўніка Беларусі 30 жніўня (напрыклад, Уладзімір Пуцін).

Доўгі час знаходжаньня на троне моцна мяняе псыхалёгію чалавека. Выпрабаваньня неабмежаванай уладай не вытрымлівае ніхто. Зьяўляецца ўяўленьне, што табе падуладна ўсё

Рацыянальна растлумачыць такія маніпуляцыі з уласнай біяграфіяй наўрад ці магчыма. Доўгі час знаходжаньня на троне моцна мяняе псыхалёгію чалавека. Выпрабаваньня неабмежаванай уладай не вытрымлівае ніхто. Зьяўляецца ўяўленьне, што табе падуладна ўсё. Можна мяняць прастору і час, мінулае і будучае, нараджэньне і сьмерць. Пачынае здавацца, што ва ўлады ня можа быць межаў.

Звыклая рэч, што дыктатары падпраўляюць сваю біяграфію, імкнуцца зрабіць яе прыгажэйшай. Лукашэнка тут не выключэньне. Ён шмат што ўпрыгожыў у сваім мінулым, каб зрабіць яго больш прэзэнтабэльным. Чаго варта толькі ягонае цьверджаньне, што ён адзіны дэпутат Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня, які галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў.

Але мяняць з пэрыядычнасьцю раз на некалькі гадоў дату народзінаў — гэта, здаецца, беларускае ноў-хаў. Думаю, наперадзе ў нас яшчэ шмат сюрпрызаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG