Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лэдзі Дэтанатар


Прынцэса Дыяна
Прынцэса Дыяна

Мікалай Халезін

Дваццаць гадоў для пачатку гэтага стагодзьдзя — вялікі тэрмін. У дзясяткі разоў большы, чым тыя самыя два дзясяткі гадоў у пачатку стагодзьдзя мінулага. Парадокс, які лёгка вымераць хуткасьцю дастаўкі лістоў: тыдні ў XX стагодзьдзі і імгненьні ў XXI-м.

Мяжа, якая радыкальна зьмяніла сусьветную дынаміку, разьмяшчаецца недзе ў першай палове 90-х, калі інтэрнэт-выбух назаўжды зьмяніў існуючы жыцьцёвы лад. І тыя самыя 90-я нарадзілі яшчэ адну зьяву, якая «выбухнула» ня ў сфэры тэхналёгіяў, але ў сфэры элітаў. Гаворка пра Лэдзі Дыяну, трагічнаму сыходу з жыцьця якой сёньня спаўняецца 20 гадоў. Бадай, яшчэ ў 80-х ніхто і ўявіць сабе ня мог, што дзяўчына, якая двойчы праваліла выпускныя іспыты ў школе і ледзь пратрымалася адзін сэмэстар ў коледжы, зможа зьдзейсьніць рэальную рэвалюцыю ва ўспрыманьні грамадзтвам элітаў; і ня проста элітаў, а ў дачыненьні да самой тытуляванай і вядомай каралеўскай сям’і ў сьвеце.

Трэба сказаць, пахваліцца атожылку зьбяднелай шляхецкай сям’і не было асабліва чым: адсутнасьць годнай адукацыі і зусім «нешляхецкі» паслужны сьпіс — дапамога ў арганізацыі вечарынак, прыборка за грошы ў старэйшай сястры і яе сяброў, нянька ў амэрыканскай сям’і, інструктар танцаў для падлеткаў, памочніца выхавальніка ў дзіцячым садку. Дзесьці ў пэрыяд работы ў дзіцячым садку і адбылося яе знаёмства з Прынцам Уэльскім, а далей уключыўся канвэер дзіўных зьбегаў акалічнасьцяў, калі газэтныя чуткі прывялі да таго, што каралеўскі сужэнец Прынц Філіп напісаў свайму старэйшаму спадчыньніку суровы ліст, у якім запатрабаваў абараніць добрае імя Дыяны Спэнсэр, зь якой Прынцу Уэльскаму пагалоска прыпісала раман.

Прынц, усё сьвядомае жыцьцё закаханы ў Камілу Паркер-Боўлз, ня змог нічога супрацьпаставіць волі бацькі, кожнае слова якога ўспрымалася ў сям’і як загад — Прынц Чарльз і Дыяна Спэнсэр пабраліся шлюбам. У той самы момант у сьвеце зьявілася Лэдзі Дыяна — галоўны герой сэрыялу, які застанецца адным з самых захапляльных у сьвеце і поўных інтрыгі на доўгія паўтара дзясятка гадоў.

Мабыць, шлюб Прынца Чарльза і Дыяны можна палічыць спадчынай Сярэднявечча, калі шлюбы па каханьні сярод венцаносных асобаў Эўропы можна пералічыць на пальцах. Гэты шлюб сёньня, па пэўным часе, калі члены каралеўскіх сем’яў лёгка адмаўляюцца ад прэтэнзій на карону на карысьць каханьня, можна лічыць анахранізмам. Дастаткова ўспомніць галяндзкага прынца Фрыза або нядаўні канфлікт з Каралеўскай сям’ёй брытанскага Прынца Гары, які працягнуў адносіны з амэрыканскай акторкай Мэган Маркл, насуперак жаданьням Яе Вялікасьці Лізаветы II.

Але Прынц Чарльз, каралеўскі атожылак старой фармацыі, саступіў волі бацькоў і ўзяў замуж Дыяну Спэнсэр, нягледзячы на жахлівую інтэлектуальную і духоўную прорву, што іх разьдзяляла. Сымптомы нешчасьлівага шлюбу выявіліся практычна адразу, і мэдыі напоўніў цэлы каскад фатаздымкаў мужа і жонкі, якія нудзяцца адно побач з адным. А далей абыякавасьць пачала імкліва перарастаць у адрынаньне, і да 1985 году Дыяна цалкам аддалілася ад мужа, раптам захапіўшыся сваім інструктарам верхавой язды. Чарльзу нічога не заставалася, як успомніць пра сваю ранейшую каханку Камілу.

Паводле закону сэрыяльнага жанру, інструктар Джэймс Х’юіт яшчэ ня раз усплыве ў кантэксьце каралеўскай сям’і, бо менавіта яму журналісты прыпішуць бацькоўства Прынца Гары з прычыны неверагоднага партрэтнага падабенства. Неаднаразова паўстане тэзіс аб экспэртызе ДНК, якую каралеўская сям’я з гневам адрыне. Але да таго моманту жыцьцё Лэдзі Дыяны ўжо ператворыцца ў фантасмагарычны карнавал, у якім будуць булімія, хранічныя дэпрэсіі, сындром недаатрыманай увагі, эпатажныя танцы з Ўэйнам Сьліпам і Джонам Траволтам, публічныя гістэрыкі... І каля дзясятка каханкаў — афіцыйных і неафіцыйны, да разводу з Прынцам Чарльзам і пасля. Дзіўна, як увесь гэты набор будзе ўжывацца ў масавай сьвядомасьці са сьвятасьцю, якая ёй прыпісвалася.

Яшчэ да разводу з Прынцам, ў Дыяны ўзьнік раман з хірургам пакістанскага паходжаньня Хаснат Ханам, які не на жарт напалохаў каралеўскі двор. Мала таго, што пра гэты раман стала вядома, дык яшчэ і прыналежнасьць каханка да іншай рэлігіі дадала градус гістэрыкі ўнутры венцаноснай сям’і. Гісторыя з Ханам сыдзе ў мінуласьць, але неўзабаве пасьля разводу зноў узьнікне вакол любоўнай гісторыі Дыяны і Додзі аль-Фаеда, калі экс-прынцэса выкажацца на прадмет таго, што жанчына можа зьмяніць рэлігію дзеля каханьня. Складана меркаваць, што каханьне як такое прысутнічала ў іх адносінах; хутчэй Дыяну вабілі мільярды бацькі Додзі і магчымасьць працягваць жыць на шырокую нагу, прыцягваючы ўвагу, да якой яна даўно прызвычаілася і якая паступова разьвейвалася на фоне адноўленых адносін Прынца Чарльза з Камілай Паркер-Боўлз.

На працягу ўсяго «каралеўскага сэрыялу» велізарную ролю ў лёсе Дыяны адыгрывалі журналісты. Яны то цынічна раскопвалі дэталі яе здрадаў, то ўзвышалі да нябёсаў, усхваляючы за шэраг дабрачынных праектаў, якія яна вяла ад імя каралеўскай сям’і; то дакаралі як нядбайную маці, то знаходзілі падабенства зь яшчэ адной гераіняй таго пэрыяду — Маці Тэрэзай.

Варта адзначыць, што падабенства ў лёсе гэтых дзьвюх жанчын сапраўды ёсьць, нягледзячы на абсалютную розьніцу ў ладзе жыцьця. Абедзьве яны зрабіліся знакамі эпохі, і ў гісторыях абедзьвюх масавая сьвядомасьць вырашыла пакінуць за кадрам усё нэгатыўнае, што рэгулярна станавілася пра іх вядома: здрады Дыяны і мэдычны дылетантызм Тэрэзы; эгацэнтрызм прынцэсы і выбіральнасьць ў аказаньні дапамогі манашкі; любоў да шыку былой нянькі і фінансава падмацаваная сяброўства з дыктатарамі нобэлеўскай ляўрэаткі... Нават іх сыход з жыцьця падараваў аўдыторыі «сэрыяльную» калізію. Пахаваньне Лэдзі Дыяны прайшло 6 верасьня 1997 году, у дзень сьмерці Маці Тэрэзы, якая воляю лёсу засталася практычна за кадрам сусьветных службаў навінаў, увага якіх была прыцягнутая да пахаваньня экс-прынцэсы. А крыху пазьней у труну Маці Тэрэзе пакладуць ружанец, падораны Дыянай.

Хтосьці лічыць яе ўмелай маніпулятаркай, якая зрабіла імя на канфлікце з самай папулярнай у сьвеце каралеўскай сям’ёй; хтосьці гатовы прылічыць Дыяну да ліку сьвятых, уважаючы за пакутніцу. Хутчэй за ўсё, тут будзе дарэчны банальны выраз пра ісьціну, якая знаходзіцца пасярэдзіне. Колькі б мы ні спрабавалі асэнсоўваць факты, зь якіх складзенае яе жыцьцё, самым важным застанецца тое, што Дыяна засталася ў найноўшай гісторыі чалавекам, жыцьцё якога здэтанавала, ня толькі назаўсёды зьмяніўшы сыстэму каардынатаў ва ўспрыманьні венцаносных сем’яў, але і прызямліўшы танальнасьць стаўленьня людзей да прадстаўнікоў элітаў.

Бадай, «каралеўскі сэрыял» зь яе ўдзелам мы ня зможам назваць першым або самым важным для гісторыі, але ён атрымаўся ўжо дакладна самым захапляльным ў XX стагодзьдзі. А можа быць, і апошнім з гэткіх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG