Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вазьміце Павука на працу!»: малады настаўнік правёў адзіночны пікет у райцэнтры Акцябрскі


Адзіночны пікет Андрэя Павука на плошчы ў Акцябрскім 30 жніўня

Вядомы блогер і настаўнік біялёгіі па адукацыі Андрэй Павук з райцэнтру Акцябрскі (Гомельская вобласьць) выйшаў 30 жніўня на галоўную плошчу мястэчка з адзіночным пікетам, пратэстуючы супраць немажлівасьці працаўладкавацца па спэцыяльнасьці.

«У мяне сапраўды склалася цяжкая сытуацыя, — кажа Свабодзе Андрэй. — З жонкай гадуем дваіх дзяцей, а працуе толькі яна адна. Выплачваем крэдыт за кватэру. Намінальна я лічуся індывідуальным прадпрымальнікам, але пасьля таго, як са мной скасавалі дамову на арэнду памяшканьня пад фатастудыю, я, па сутнасьці, застаўся бяз працы. З гэтай прычыны і выйшаў на плошчу. Стаяў таксама з плякатам у фае Дома культуры, дзе праходзіла раённая пэдагагічная канфэрэнцыя. Некаторыя настаўнікі ўсьміхаліся, казалі, што арыгінальна, частка палохалася, а асобныя пыталіся: „Колькі заплацілі?“, але памяняцца са мною месцамі не захацелі».

Суразмоўца дадаў, што на пачатку жніўня вычытаў у мясцовай газэце пра вакансіі ў школах раёну. Зьвязваўся з Гарохавіцкай, Ламавіцкай школамі, з гімназіяй, але дзіўным чынам вакансіі пасьпелі запоўніць — ня сталі ўжо патрэбныя ні пэдагогі-арганізатары, ні інжынэры-праграмісты, ні нават прыбіральшчыкі службовых памяшканьняў.

Я згодны быў уладкавацца і лябарантам, і прыбіральшчыкам, але безвынікова.

«Я згодны быў уладкавацца і лябарантам, і прыбіральшчыкам, але безвынікова. Зьвярнуўся ў райвыканкам па дапамогу і атрымаў ліст за подпісам намесьніка старшыні Ўладзімера Елісеева. Ён адказаў, што зьвесткі пра свабодныя месцы мяняюцца штодня і мне трэба зьвяртацца „ў рабочым парадку ва ўправу па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне райвыканкаму“», — кажа Павук.

На працу не бяруць празь «дзейнасьць»

Сёлета на пачатку году на прапанову аддзелу адукацыі Андрэй Павук меўся ўладкавацца на працу ў Любанскую сярэднюю школу настаўнікам біялёгіі ды хіміі. Але нечакана на адрас установы прыйшоў ліст пратэсту ад бацькоў школьнікаў, які, па словах Павука, магла ініцыяваць старшыня сельсавету Тамара Кароль. У калектыўным лісьце восем бацькоў школьнікаў выказаліся супраць прызначэньня Андрэя Павука настаўнікам з прычыны «яго дзейнасьці». Подпіс адной жанчыны ў лісьце быў падроблены, але мясцовая міліцыя «замяла» гэты факт. А Павук застаўся бяз працы.

«Дзейнасьць» Андрэя Павука зьвязаная зь ягонай актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Ён стварыў «Укантакце» суполку «Рудабельская паказуха», стаў здымаць відэасюжэты пра мясцовае жыцьцё. Мясцовым чыноўнікам даставалася ў песьнях, у тэатралізаваных сцэнках і ў камэнтарах чытачоў.

Да гэтага Андрэй Павук сем гадоў працаваў у раённым Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі кіраўніком гуртка і акампаніятарам. Праславіўся як аўтар гіта Ксеніі Дзягелькі «Я из деревни».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG