Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леаніда Кулакова будуць судзіць за салідарнасьць з прафсаюзам РЭП


Леанід Кулакоў

Леаніду Кулакову 30 жніўня патэлефанавалі з суду Першамайскага раёну Менску і паведамілі, што ягоную справу будуць разглядаць 4 верасьня.

Яго вінавацяць у тым, што ён правёў 14 жніўня пікет каля станцыі менскага мэтро «Парк Чалюскінцаў» і разьмясьціў у інтэрнэце фатаздымак з гэтага пікету. Леанід Кулакоў трымаў у руках плякат з надпісам: «Прэч брудныя рукі ад незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці РЭП».

Леанід Кулакоў сказаў карэспандэнту Свабоды, што 29 жніўня яму даслалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

«Я сказаў сакратару суду, што ня ведаю, ці змагу ўзяць удзел у пасяджэньні, бо маю 10 сутак арышту за акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі і супраць вучэньняў «Захад-2017».

2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакумэнтаў у офісе незалежнага прафсаюзу РЭП і цэнтральнага офісу Беларускага незалежнага прафсаюзу. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніча дапыталі і адпусьцілі, а Комліка зьмясьцілі спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а праз тры дні — у СІЗА № 1.

10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачаньне паводле артыкула 243, частка 2 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрыманьня Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца ў СІЗА. 11 жніўня абвінавачаньне выстаўлена і Фядынічу. Ён застаецца на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе. Фядынічу і Комліку пагражае пакараньне ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

XS
SM
MD
LG