Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску распачынаецца суд над жанчынай, якая нарадзіла дома і страціла немаўля


Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву

Інцыдэнт, які мае разгледзець суд Чыгуначнага раёну Віцебску, здарыўся 17 лютага 2017 году. Незадоўга да гэтай даты жыхарка Санкт-Пецярбургу, прапісаная ў абласным цэнтры, прыехала сюды да маці. Тут, у бацькоўскай кватэры, яна хацела нарадзіць сваё другое дзіця.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, падчас цяжарнасьці 30-гадовая Вольга агучыла свой намер нарадзіць дома. Яна сьцьвярджала, што вывучыла шмат літаратуры на гэтую тэму і ўжо мае станоўчы досьвед — першае дзіця таксама нарадзілася ў хатніх умовах. Стаўшы на ўлік у жаночай кансультацыі Віцебскай абласной радзільні, яна адмаўлялася і ад шпіталізацыі ў сувязі з пэўнымі праблемамі падчас цяжарнасьці. Адначасова праз сацыяльную сетку «ВКонтакте» яна шукала спрактыкаваную акушэрку, якая пагадзілася б прыняць хатнія роды.

Вольга шукала акушэрку праз сацыяльныя сеткі
Вольга шукала акушэрку праз сацыяльныя сеткі

Супрацоўнікі кансультацыі папярэджвалі маці пра небясьпеку і адказнасьць, аднак не пераканалі. Нованароджаная дзяўчынка мела праблемы з дыханьнем, і жанчына была вымушана зьвярнуцца да лекараў.

На думку маці Вольгі, у дачкі адбыліся імклівыя роды. А лекары хуткай дапамогі спрацавалі непрафэсійна — рэанімацыйная брыгада прыехала не адразу. Празь некалькі гадзін, ужо ва ўмовах стацыянару, мэдыкі канстатавалі сьмерць нованароджанай. Спадарыня Надзея лічыць, што маленькую Лізу — так назвалі немаўля — можна было б уратаваць, каб лекары дзейнічалі хутчэй.

Маці Вольгі знаходзілася ў адной кватэры з парадзіхай. Адразу пасьля здарэньня яна адмаўлялася даваць паказаньні, але потым расказала журналістам, што ў дзень родаў яны з дачкой і двухгадовай унучкай хадзілі ў лазьню, што Вольга не чакала нараджэньня дзіцяці так хутка, хоць гінэколягі ўжо паведамілі ёй аб прыкметах набліжэньня родаў. І што дачка не выказвала катэгарычнай адмовы нараджаць у мэдычнай установе, казала: «Яшчэ паглядзім».

Маці Вольгі ня лічыць дачку вінаватай у сьмерці дзіцяці
Маці Вольгі ня лічыць дачку вінаватай у сьмерці дзіцяці

Праз два тыдні пасьля сьмерці немаўляці Сьледчы камітэт распачаў супраць маці нованароджанай дзяўчынкі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне сьмерці празь неасьцярожнасьць). За гэта заканадаўства прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам да 2 гадоў, абмежаваньне волі да 3 гадоў ці пазбаўленьне волі на такі самы тэрмін.

Адразу супраць жанчыны не ўжылі аніякіх мераў стрыманьня, зь яе не ўзялі нават падпіскі аб нявыезьдзе. Аднак 6-га траўня — у той дзень, на які была прызначана пахавальная цырымонія і крэмацыя дзіцяці, — Вольгу арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА. Сьледчыя тлумачылі гэта верагоднасьцю ад’езду падазраванай за межы краіны з мэтай пазьбегнуць пакараньня. На думку спадарыні Надзеі, дачку арыштавалі на знак помсты: нібыта мэдыкі ад пачатку раілі ёй прызнаць, што дзіця нарадзілася мёртвым, «каб ні ў кога не было праблемаў», але яна адмовілася. А потым і бацька памерлага дзіцяці заявіў, што будзе дамагацца незалежнай экспэртызы, каб высьветліць ступень вінаватасьці віцебскіх лекараў.

24 жніўня ў падтрымку віцяблянкі, якая нараджала дома і не змагла ўратаваць немаўля, стварылі пэтыцыю. У ёй гаворыцца, што Вольга не ўяўляе ніякай небясьпекі для навакольных, і ў ёй мае патрэбу двухгадовае дзіця, якое застаецца з бацькам. Таму аўтарка пэтыцыі Ганна Палын прапануе падпісвацца за «неадкладнае вызваленьне і кампэнсацыю шкоды, нанесенай Вользе і яе сям’і, а таксама прызнаньне за жанчынамі права радзіць дома і спрыяньне бясьпецы гэтага працэсу». Пад пэтыцыяй сабрана больш за тры тысячы подпісаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG