Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-маршалак польскага Сэйму патлумачыў, чаму ён прыехаў у Беларусь


Рышард Тэрлецкі

Віцэ-маршалак польскага Сэйму Рышард Тэрлецкі, які на чале польскай дэлегацыі 29 жніўня прыляцеў у Беларусь для перамоваў зь беларускімі калегамі, пасьля завяршэньня размовы зь беларускай дэлегацыяй на чале з намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком патлумачыў, чаму ён зноў праз год прыляцеў у Беларусь.

«Польская палітыка апошнім часам скіраваная на тое, каб парлямэнтары мелі больш уплыву на міжнародныя справы. Каб ня толькі прафэсійныя палітыкі, але і дэпутаты больш аддавалі ўвагі міжнародным справам. Таму мы зноў прыехалі сюды».

Сваю сустрэчу з Баляславам Пірштуком Рышард Тэрлецкі ахарактарызаваў як «вельмі цікавую і пазытыўную». Ён сказаў журналістам, што сёньня бакі абмяркоўвалі пераважна эканамічныя пытаньні і пытаньні рэгіянальнага супрацоўніцтва.

«Улічваючы гэтую тэматыку, мы сёлета, у адрозьненьне ад мінулага году, запрасілі больш спэцыялістаў у галіне энэргетыкі, аховы навакольнага асяродзьдзя і іншых эканамічных кірункаў. Менавіта яны пачнуць заўтра абмяркоўваць пытаньні са сваімі калегамі зь беларускага ўраду».

Пад канец размовы з журналістамі Рышард Тэрлецкі сказаў, што «тое, што сёньня абмяркоўвалі выключна эканамічныя пытаньні, не азначае, што мы ня будзем абмяркоўваць і іншых пытаньняў, якія тычацца палітыкі і дэмакратыі».

«Гэтыя пытаньні хвалююць грамадзянскую супольнасьць у Польшчы. І паколькі мы будзем яшчэ некалькі дзён знаходзіцца ў Беларусі, то абавязкова закранём і іх».

XS
SM
MD
LG