Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-сьпікер польскага Сэйму зноў наведае Беларусь


Рышард Тэрлецкі

Дэлегацыя парлямэнту Польшчы на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім будзе знаходзіцца ў Беларусі 29–31 жніўня. У аўторак польскіх парлямэнтароў прыме намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук.

Тэрлецкі і Пірштук добра ведаюць адзін аднаго. Летась у жніўні польскія дэпутаты на чале з Тэрлецкім наведвалі Беларусь. Тады іх таксама прымаў Баляслаў Пірштук. А сёлета ў студзені ўжо беларуская дэлегацыя на чале зь Пірштуком езьдзіла ў Варшаву. І там сустракалася з групай дэпутатаў Сэйму, сярод якіх быў і Тэрлецкі.

Калі два папярэднія візыты праходзілі на тле паляпшэньня стасункаў паміж Менскам і Варшавай, то апошнім часам сытуацыя зьмянілася ў горшы бок. На пачатку жніўня міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што Варшава ня мае намеру закупляць у будучыні энэргію зь Беларускай АЭС і лічыць гэты праект небясьпечным.

«Мы ня зьменім нашай думкі пра куплю энэргіі з гэтай атамнай станцыі. Я думаю, што ў аснове яе ляжаць небясьпечныя тэхналёгіі, а адсутнасьць бясьпекі прывяла да Чарнобылю. Таму мы супраць гэтай АЭС, мы не зьбіраемся супрацоўнічаць і купляць яе энэргію», — сказаў міністар.

У адказ на гэтыя выказваньні МЗС Беларусі выклікаў для тлумачэньняў амбасадара Польшчы.

Яшчэ адна розьніца паміж цяперашнім і леташнім візытамі — геаграфічная. Летась польскія дэпутаты наведвалі, акрамя Менску, Берасьцейскую вобласьць. Сёлета дэлегацыя наведае Гарадзенскую вобласьць, дзе правядзе перамовы з кіраўніцтвам Свабоднай эканамічнай зоны «Горадняінвэст». Беларускі бок хоча зацікавіць палякаў, каб тыя ўклалі грошы ў гэты рэгіён, пакантактавалі з рэгіянальнымі ўладамі, мясцовымі бізнэсоўцамі

Польска-беларускія стасункі доўгі час былі замарожаныя — ад разгону Плошчы ў Менску ў 2010-м да 2016 году, калі ў сакавіку Беларусь наведаў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Летась Беларусь наведалі дзьве парлямэнцкія дэлегацыі з Польшчы: на чале са сьпікерам Сэнату Станіславам Карчэўскім у сьнежні і на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім у жніўні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG