«З моманту распаду Савецкага Саюзу мы страцілі 50 мільёнаў расейскамоўных. Гэтая тэндэнцыя працягваецца. Таму што ў Савецкім Саюзе, палічыце, усе былі расейскамоўныя. Значыць, старэйшае пакаленьне за 25 гадоў сышло. Яно было пагалоўна расейскамоўным. Прыйшло маладое пакаленьне, якое расейскамоўнае далёка не пагалоўна», — сказаў старшыня камітэту Дзярждумы РФ па адукацыі і навуцы Вячаслаў Ніканаў журналістам у панядзелак, адказваючы на пытаньне агенцтва «Інтэрфакс».
Паводле яго, значныя страты ў колькасьці носьбітаў расейскай мовы зьвязаны з тым, што ў школах многіх краін былога СССР, асабліва ва Ўсходняй Эўропе, расейская мова была абавязковай для вывучэньня ў школах. «Цяпер гэтага няма практычна нідзе», — сказаў В. Ніканаў.
«Людзей, якія наогул размаўляюць па-расейску, і цяпер, мяркуючы па ўсім, больш па-за межамі Расеі, чым на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Ва ўсякім разе, гэта супастаўная лічба», — дадаў парлямэнтар.
Ён удакладніў, што, паводле розных ацэнак, да распаду СССР колькасьць носьбітаў расейскай мовы ў сьвеце складала каля 350 млн, а ў цяпер гэты паказьнік ужо меншы за 300 млн.
«Гэта незваротна, таму што расейская мова захоўваецца там, дзе яна ёсьць часткай адукацыйнай сыстэмы. Гэта значыць, калі там у школах выкладаюць расейскую мову. Гэта значыць, мы можам паслаць настаўнікаў, але іх і ня ўсюды пашлеш, а ў некаторых краінах расейскай мовы ў сыстэме адукацыі няма, яна ідзе як другая замежная, як трэцяя замежная», — дадаў В. Ніканаў.