Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Сочы хочуць зьнесьці «Музэй беларусаў»


«Музэй беларусаў» у Сочы
«Музэй беларусаў» у Сочы

Сочынская адміністрацыя падала пазоў у суд аб зносе «Музэю беларусаў». Улады гораду маюць намер прызнаць дом-музей самавольнай пабудовай.

«Гэтыя будынкі павінны быць зьнесены, бо дазволу на гэтыя аб’екты адміністрацыяй не выдавалася», — цытуе прэс-служба мэрыі начальніка ўпраўленьня муніцыпальнага зямельнага кантролю адміністрацыі Ўладзіміра Літвінава.

Як сьцьвярджае старшыня беларускай суполкі у Сочы і арганізатар «Музэю беларусаў» Уладзімір Астапук, «гэта чыста палітычнае пытаньне».

«Мне так помсьцяць за маю актыўную пазыцыю», — растлумачыў нашаму радыё Астапук, які таксама зьяўляецца старшынём грамадзкай экалягічнай рады пры кіраўніку гораду. Паводле ягоных словаў, ён неаднаразова ўздымаў вострыя пытаньні абароны навакольнага асяродзьдзя ў Сочы, у прыватнасьці, праблему абыходжаньня з адходамі.

«Мэр Анатоль Пахомаў даў каманду пасьля таго, як мы казалі пра тое, што ў рэчышчы ракі Сочы утвараецца звалка, а фільтрат ад яе трапляе ў водазабор. Яму гэта не спадабалася — ён мне прама так і сказаў: я зьнясу твой музэй», — распавёў Астапук.

Дом-музей беларускай суполкі ў Сочы быў пабудаваны паўтара дзясятка гадоў таму. Апошнія шэсьць гадоў Уладзімір Астапук спрабаваў аформіць зямлю пад будынак, але ўлады гораду адмаўлялі яму ў гэтым на розных падставах.

Астапук сказаў, што ў музэі, сярод іншага, знаходзяцца прадметы хатняга ўжытку, інструмэнты і прылады ды абутак і адзеньне, якім карысталіся беларускія пасяленцы на Каўказе пасьля адваяваньня гэтага рэгіёну Расеяй ад Турцыі. Музэй таксама служыць месцам сходаў мясцовай беларускай суполкі.

Судовае паседжаньне ў справе аб зносе музэю прызначана на 19 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG