Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект Vulica Brasil у Менску закончыцца карнавалам


Фэстываль урбан-арту Vulica Brasil у 2015 годзе

У рамках фэстывалю урбан-арту Vulica Brasil, які на мінулым тыдні стартаваў у Менску, 28 жніўня ў прасторы Space пройдзе варштат з удзелам вядомага бразыльскага архітэктара, кіраўніка праектнага бюро FGMF Ларэнца Жыменэса.

Ня так даўно ён ужо прыяжджаў у Беларусь з сэрыяй майстар-клясаў, цяпер настаў час замацаваць тэарэтычныя веды на практыцы.

Удзельнікі абмяркуюць ініцыятыву Праграмы разьвіцьця ААН «Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі», якую прэзэнтуе Ірына Усава; кіраўнік праграмы «Новая гарадзкая тапалёгія» Томас Лунд пакажа праграму «Праектаваньне з удзелам насельніцтва — праектаваньне з адкрытым вынікам».

Таксама будуць прадэманстраваныя прыклады аб’ектаў сацыяльнага абслугоўваньня ў пілётных гарадах. У прыватнасьці, асаблівасьці горадабудаўнічай сытуацыі (ляндшафт, рэжым выкарыстаньня, прылеглыя тэрыторыі і г.д.), пастаноўка праблемы, выдача зыходных матэрыялаў для праектаваньня.

Як ужо пісала Свабода, сёлета сумесны беларуска-бразыльскі праект папоўніцца новымі крэатыўнымі аб’ектамі. Блізу двух дзясяткаў эпічных муралаў ужо ўпрыгожваюць фасады будынкаў на менскіх вуліцах Кастрычніцкая, Кальварыйская, Няміга, Калініна, Энгельса; сёлета гэты пералік істотна пашырыцца.

Акрамя графіці на сьценах індустрыяльных будынкаў, прыкметна зьменіцца інфраструктура вуліцы Кастрычніцкай — галоўнай экспэрымэнтальнай пляцоўкі стрыт-мастакоў у колішняй прамысловай зоне. Паводле арганізатараў, яна стане больш зразумелай ня толькі моладзі, але і гараджанам усіх узростаў.

Прэзэнтацыя абноўленай Vulica Brasil адбудзецца пад фініш працы інтэрнацыянальнай брыгады — у наступныя выходныя 2-3 верасьня — і завершыцца карнавалам.

Вуліца Кастрычніцкая на суткі стане пешаходнай, будуць працаваць экамаркет, мастацкі кірмаш, пройдуць творчыя заняткі для дзяцей, адкрыецца пляцоўка для скейтбардыстаў і раварыстаў. Таксама ў праграме — інтэрпрэтацыя графіці ў сучасным танцы, парад бубначоў ды іншыя шоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG