Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачынаецца бразыльска-беларуская арт-інтэрвэнцыя на вуліцах Менску


Фэстываль Vulica Brasil, 2015 год

У Менску стартаваў чацьвёрты па ліку фэстываль урбан-арту Vulica Brasil — альтэрнатыўны погляд на сучасны стрыт-арт.

Блізу двух дзясяткаў эпічных муралаў ужо ўпрыгожваюць фасады будынкаў на менскіх вуліцах Кастрычніцкая, Кальварыйская, Няміга, Калініна, Энгельса, у творчым багажы мастакоў таксама росьпісы трамваяў і вулічныя інсталяцыі.

Як абяцаюць арганізатары, сёлета сумесны беларуска-бразыльскі праект папоўніцца новымі крэатыўнымі аб’ектамі.

«Мы маем вялікія пляны на будучыню, але найперш павінны рэалізаваць усё, што намечана на гэты год, — сказала Свабодзе PR-мэнэджэр Vulica Brasil Кацярына Бухцінава. — Мы маем сьпіс месцаў, дзе будуць працаваць нашы мастакі, таму сачыце за нашымі паведамленьнямі».

21 жніўня ў графіку фэстывалю пазначана як «пачатак арт- і урбан-інтэрвэнцый». Доўжыцца ён будзе да 3 верасьня.

Паводле арганізатараў, акрамя графіці на сьценах індустрыяльных будынкаў, прыкметна зьменіцца інфраструктура вуліцы Кастрычніцкай — галоўнай экспэрымэнтальнай пляцоўкі стрыт-мастакоў у колішняй прамысловай зоне.

Сьцьвярджаецца, што яна стане больш зразумелай ня толькі моладзі, але і гараджанам усіх узростаў. Прэзэнтацыя абноўленай Vulica Brasil адбудзецца пад фініш працы інтэрнацыянальнай брыгады — увасабленьнем ідэі са згоды кіраўніцтва горада займаецца група беларускіх і бразыльскіх архітэктараў і мастакоў. Творчая сустрэча з мастакамі заплянаваная на 25 жніўня.

Адным з куратараў Vulica Brasil выступае Лаўрэнса Жыменэс, архітэктар бюро FGMF з Сан-Паўлу. Ня так даўно ён прыяжджаў у Менск з сэрыяй майстар-клясаў, а яшчэ адзін у рамках сёлетняга фэстывалю дасьць 28 жніўня. Зь беларускага боку праект курыруе Георгі Заборскі — менскі архітэктар, адзін з стваральнікаў крэатыўнага клястэру МЕ100.

XS
SM
MD
LG