Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчына, які ўдарыў у жывым эфіры карэспандэнта НТВ, атрымаў паўгода папраўчых работ


32-гадовы жыхар Масквы Аляксандр Арлоў, які ўдарыў падчас сьвяткаваньня дня паветрана-дэсантных войскаў у Маскве карэспандэнта тэлеканалу НТВ у часе жывой тэлетрансьляцыі, атрымаў паўгода папраўчых работ. Менавіта такі прысуд прасіла для яго пракуратура.

Карэспандэнт НТВ Мікіта Развазжаеў падтрымаў пазыцыю абвінавачаньня, а Арлоў і яго абаронца прасілі не прызначаць пакараньня, зьвязанага з пазбаўленьнем волі.

Раней Замаскварэцкі суд Масквы ўжо прызначыў Арлову пяць сутак арышту за непадпарадкаваньне паліцыянтам пры затрыманьні. Гэта адбылося, калі ён спрабаваў уцячы зь месца здарэньня.

2 жніўня Арлоў ударыў Мікіту Развазжаева падчас жывога ўключэньня з Парку Горкага, дзе дэсантнікі сьвяткавалі Дзень паветрана-дэсантных войскаў.

Згодна з абвінаваўчым дакумэнтам, Арлоў «бяз значнай падставы» вырашыў ударыць карэспандэнта НТВ «з хуліганскіх меркаваньняў».

«Арлоў 2 жніўня, будучы ў стане алькагольнага апʼяненьня, у парку Горкага, маючы відавочную непавагу да грамадзтва, што выяўлялася ў нецэнзурнай лаянцы, маючы малазначную падставу, нанёс журналісту НТВ пабоі», — сказала дзяржаўная абвінаваўца на працэсе.

Пасьля затрыманьня мужчыну было выстаўленае абвінавачваньне паводле артыкулу «Пабоі», пасьля чаго ён быў адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах.

У момант нападу на Арловым была футболка зь сымболікай украінскай прарасейскай арганізацыі «Апора». Яе лідэрам у данецкім аддзяленьні зьяўляецца Аляксандр Захарчанка, кіраўнік так званай «ДНР». Да паветрана-дэсантных войскаў, чыё сьвята адзначалася ў Парку Горкага, нападнік дачыненьня ня меў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG