Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксамітны летні вечар агарнуў зямлю… Божа, Божа, які ж ён аксамітны, гэта ж генэральная рэпэтыцыя пекла! Хай ідуць туды, дзе плач і скрыгат зубоў усе, хто ўзносіў праз сацыяльныя сеткі свае модлы да неба аб пацяпленьні! Сусьвет — ня дробязны Габсэк, ня бабка-працэнтшчыца, каб сквапна вылічваць кожны градус. Ён шчодры — наце вам адразу +40, балотную вільготнасьць, і больш ня ныйце, не прасіце. А я? Ты падумаў пра мяне? Я не прасіла во гэта во ўсё! Аддаць жыцьцё сваё за іншых? Ат, зараз мне не шкада гэтага друзлага цела, што праз твае жорсткія жартачкі пераўтварылася ў аўсяны кісель, а шэрае рэчыва — ў жабіну ікру і сабачы корм. Каб я мела магчымасьць зазірнуць туды, пад чэрап, то напэўна пераканалася б, што ўжо і сьмярдзіць — так, сьмярдзіць, жабінай ікрой і сабачым кормам. Мне ў такім выглядзе яно самой агідна. Магу аддаць каму, за каго. За ідэю нават аддам.

Адыдзіце ад мяне ўсе нячыстыя, хто робіць беззаконьне!

Пайду ў душ. Не, не пайду. Раптам не дайду, у дарозе прападу. Йаду мне, йаду! Ох, нехта бразгае яшчэ. Толькі б ня ехаць нікуды. Урэшце, субота, выходны, і я магу быць, напрыклад, п’яная ў гэты час. Маю права не здымаць слухаўку, знаходзячыся ў стане алькагольнага ап’яненьня. Скасавурыла вочы на тэлефон, што пранізьліва падаваў сыгналы проста ў шэрае рэчыва, якое ў такую сьпёку чэрап адмовіўся абараняць. Ад павароту галавы зморшчыны пад вачамі набрынялі потам. О не, толькі ня ехаць, нікуды, прашу вас усіх, сем мільярдаў, заклінаю. Адыдзіце ад мяне ўсе нячыстыя, хто робіць беззаконьне! А ўказальны палец тым часам чамусьці правёў зьлева направа па мабільным. Усё, зараз ты не адкруцісься. «Алёна…(усхліпы). Мяне забірае міліцыя. Ні за што. За тое, што я зьбірала сьмецьце на возеры. Што мне рабіць? Іх пяцёра. Яны хочуць мяне некуды везьці. Ну не зусім за сьмецьце. Я спачатку зьбірала сьмецьце, потым — такая ж сьпёка! — я змарылася, і вырашыла пакупацца. І яны падплылі на лодачцы і вось мяне некуды вязуць (усхліпы, якія пераходзяць ў рыданьні). Я думала быць карыснай грамадзтву, я зьбірала сьмецьце, па тры вялікія мяхі, штодзень, а яны — на лодачцы падплылі… Мне пагражаюць дэпартацыяй, я ж не грамадзянка Беларусі! Дэпартацыяй — за купаньне, за тое, што я плавала на возеры!». «Спакойна! Які аддзел міліцыі? Я еду! Ужо абуваюся!», — чорт, хто сказаў вось гэта?!

…Сустрэла яе ўжо на выхадзе з аддзелу міліцыі. «… а вочы мокрыя ад сьлёз». Склалі ўсё-ткі пратакол. За купаньне ў недазволеным месцы. Яна — грамадзянка адной далёкай заакіянскай краіны. Даўно ўжо пазбавілася цесных абдымкаў Радзімы і кінулася шукаць долі за акіянам. Там яе сустрэлі прыязна, і далі грамадзянства. Праз дваццаць пяць гадоў жыцьця там вярнулася на час сюды — айцец хворы, і мае патрэбу ў даглядзе. На пэнсію ня выжыць дваім. А выдатная адукацыя, веданьне некалькіх моваў і прафэсійныя здольнасьці каціруюцца нашмат менш, чым сувязі і блаты, празь якія даўно занятыя ўсе «хлебныя месцы».

Я зьбірала штодзень тое сьмецьце, па тры вялікія мяхі.

…Мы сядзелі ў нейкай летняй кавярні. Яна ўсхліпвала, адводзіла прыгожыя чорныя бяздонныя вочы, выцірала сьлёзы і распавядала. «З татам днямі… Цяжка. Ён піша мне лісты на шмат старонак… Усякае трызьненьне. Увесь час гаворыць. Мне трэба па дому ўсё рабіць. Грошай мала, адзін стрэс. Мне трэба нейкі рэлякс. Я хадзіла на возера. Там усе купаюцца і загараюць. Але там столькі сьмецьця! Усім абыякава. Я так не магу. Я зьбірала штодзень тое сьмецьце, па тры вялікія мяхі. Хацела быць карыснай грамадзтву, і каб чыста было. Адны людзі пыталіся — ці я не валянтэр? Не, я не валянтэр. Другія глядзелі як на дурніцу, але мне гэта абыякава. Там усе купаліся, заўсёды. Я сёньня сабрала сьмецьце, і таксама пайшла купацца. І вось плывуць, на лодачцы, пяць міліцыянэраў. Да мяне. А людзі ведалі, можа, што яны прыплывуць, і ніхто якраз не купаўся, усе леглі, і ціха-мірна ляжалі, загаралі, нібыта так і было заўсёды. Кажуць: жанчына, выходзьце на бераг, плаваць нельга. Чаму нельга? Кажу: я майстар спорту па плаваньню. А яны: і майстры спорту тонуць. Я кажу — вы парушаеце правы чалавека! А яны — вы што, п’яная?! А я ніколі не п’ю!», — яна палезла ў сумачку па сурвэтку.

Я сырок зьела. У гіпэрмаркеце.

«На беразе яны не давалі мне нават апрануцца ў сухое, маўляў, едзем у аддзел, хутка! Я там на возеры пасябравала з сабачкам, Рычы яго клічуць. І я яго так клікала: Рычы, Рычы! А прозьвішча я сваё не хацела казаць міліцыі — ці мала што. І тады яны пайшлі да людзей, гаспадароў сабакі, і кажуць: «А вы ведаеце гэтую жанчыну, як яе прозьвішча?» Тыя кажуць, што ня ведаем, гэта наогул незнаёмая жанчына, але яна заўсёды тут прыбірае сьмецьце, таму не чапайце яе, хай сабе. А міліцыянэры кажуць: «Як вы яе ня ведаеце, калі яна ведае, як клічуць вашага сабаку?» А яны кажуць: «Мы публічна называем свайго сабаку Рычы, і ўвесь пляж гэта чуе, мянушка нашай сабакі — гэта не дзяржаўны сакрэт, каб мы хавалі яе, а жанчыну не забірайце, яна добрая, і сьмецьце прыбірае тут», — усхліпнула яна. Але тыя павезьлі яе ў «козьліку» у аддзел, і склалі пратакол. «Я ня ведаю, гэта жахліва ўсё. Як ты тут жывеш? Не, людзі тут добрыя, але ўлада! Гэта страшная дзяржава. Праўда, яны выбачаліся. Ну як выбачаліся… Сказалі — прабачце, але у нас такая праца! І пратакол склалі. Мне нават іх шкада. Яны няшчасныя людзі. Адзін увесь дзень сядзіць, відаць, у памяшканьні, пратаколы складае, сьвету божага ня бачыць. Ён спытаўся ў мяне: „А якое сёньня на вуліцы надвор’е?“. Ён бедны чалавек, ён на вуліцы не бывае, усе піша пратаколы… А мне з той працы, ты ведаеш, яшчэ за чэрвень грошы не аддалі. А тут яшчэ штраф будзе, і яны яшчэ дэпартацыяй пагражалі, за адміністрацыйныя правапарушэньні». Множны склон апошніх словаў зьдзівіў мяне. А што — яшчэ нешта было? Яна адвяла вочы. Набрала паветра. Уздыхнула некалькі разоў. Апусьціла вочы. «Было. Раней. Я сырок зьела. У гіпэрмаркеце. У стрэсе была. Я ня ведала, што за гэта такая суровая кара. Я проста зьела сырок! Я праўда была трохі галодная! У нашай краіне можна есьці сыркі ў гіпэрмаркеце, калі ты галодны! Гіпэрмаркеты ўтрымліваюць, прынамсі, у нас, мільянэры, і ў іх хапае грошай, што ім той сырок? У іх ёсьць адмысловы артыкул на сьпісаньне такога, называецца „Страты“, ну калі нехта зьесць выпадкам сырок ці пячэньне, калі бедны чалавек ці галодны, булачку там зьесьць!», — яна плакала, а я сьмяялася, як пустадомак, нахіляючыся пад плястыкавы стол пад парасонам з рэклямай піва. З-за століка насупраць раптам азваліся нейкія мужчыны з цікавай прапановай: «Дзевушкі, вы не танцуеце?». Азірнулася — але пляцоўкі для танцаў не было, хіба толькі ссунуць столікі. Па-другое — «дзевушкі», адной сорак, другой, хм, больш чым сорак. Па-трэцяе — танцаваць быў самы час. Адна плача, другая рагоча, тут табе яшчэ п’яныя кавалеры — і кінуцца ў скокі!

і ніхто не зьвяртае ўвагі, што я майстар спорту па плаваньню

«Яны зьнялі на камэру, што я ела сырок. Забралі ў міліцыю. Там на мяне казалі, што я — бандытка, злачынца, што мяне трэба дэпартаваць! Але гэта быў проста сырок, і я ня ведала, што тут у гіпэрмаркетах яго нельга есьці! Я не магла ім сказаць: а вось у нашай краіне можна есьці сыркі! Бо якая ім справа да маёй краіны? І таму сказала, што ў мяне быў стрэс, і я зьела сырок. Яны не супакоіліся, далі мне вялікі штраф! І зноў пагражалі дэпартацыяй. А ў мяне тут тата. І хутка зіма. Як я магу яго кінуць аднаго?.. У нас па акіяне плаваюць лодкі з цюкамі, з какаінам. Наркагандляры возяць яго з Калюмбіі на ЗША. Часам на іх палюе наркапаліцыя, і тады яны кідаюць свае лодачкі, і ўцякаюць. А лодкі прыбіваюцца да берагу — з цюкамі, з какаінам. На тым узьбярэжжы жывуць у асноўным беднякі. І яны ловяць тыя цюкі з какаінам, прадаюць, і набываюць сабе джыпы, дарагія, самыя лепшыя, і потым гойсаюць на іх. А мяне з радзімы дэпартуюць за сырок. І за плаваньне. І ніхто не зьвяртае ўвагі, што я майстар спорту па плаваньню, і што там, на возеры, я зьбіраю сьмецьце — дбаю пра экалёгію, і каб чыста было, і людзям прыемна, і карысьць прыношу грамадзтву!», — пакуль яна гэта гаварыла, тыя п’яныя недзе сышлі. Пайшлі шукаць больш нармальных «дзевушак»,чым гэтыя дзьве небаракі, адна плача, другая рагоча. «Як ты тут жывеш? Пры такой уладзе, пры такім татальным кантролі?», — яна ўсё зазірала мне ў вочы. Ох. Мне хай бы сьпёка скончылася…

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG