Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства энэргетыкі Беларусі настойвае, што Літва «палітызуе» пытаньне АЭС


Беларуская АЭС

Корпус рэактару для другога энэргаблёку даставяць на Беларускую АЭС у верасьні. Тады ж пачнецца мантаж абсталяваньня. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк у часе прэс-туру расейскіх журналістаў у Астравец.

Ён удакладніў, што на першым энэргаблёку корпус рэактару і чатыры парагенэратары ўжо змантаваныя. Таксама Міхадзюк адзначыў, што на гэты момант асвоена 2 мільярды 700 мільёнаў даляраў. Крэдыт пад будаўніцтва АЭС у памеры 10 мільярдаў даляраў выдаткавала Расея.

Акрамя таго, па словах чыноўніка, Беларусь адказала на ўсе пытаньні Літвы, кіраўніцтва якой «палітызуе» пытаньне будаўніцтва атамнай станцыі.

Наконт выбару пляцоўкі і прэтэнзій з гэтай нагоды літоўскага боку Міхадзюк сказаў, што быў праведзены беспрэцэдэнтны аб’ём пошуку на дзясятках пляцовак, дзе патэнцыйна магла б разгарнуцца будоўля. У выніку вырашана было выбраць Астравец, паколькі там ня выяўлена «ніводнага фактару», які ўплываў бы на бясьпеку будучай станцыі.

Намесьнік міністра зьвярнуў увагу, што Літва таксама мела намер будаваць атамную станцыю і нават разглядала магчымасьць рэалізацыі расейскага праекту, празь які цяпер прад’яўляе прэтэнзіі Беларусі. «Гэта палітыка двайных стандартаў, — лічыць ён. — Спажывец купіць тое, што лепшае, якасьнейшае і таньнейшае. Тое ж датычыцца і электраэнэргіі».

Міхадзюк заявіў, што будаўніцтва АЭС павысіць канкурэнтаздольнасьць беларускай эканомікі і зьнізіць залежнасьць ад паставак прыроднага газу. Паводле яго, спажываньне прыроднага газу зьнізіцца на 5 млрд кубамэтраў за год, а выкіды парніковых газаў у атмасфэру — на 7-10 млн т.

Беларуская АЭС будуецца паводле тыпавога расейскага праекту АЭС-2006 новага пакаленьня блізу Астраўца на Гарадзеншчыне. Першы энэргаблёк плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю ў 2019 годзе, другі — у 2020-м.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG