Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова просіць ААН абмеркаваць пытаньне аб вывадзе вайскоўцаў Расеі з Прыднястроўя


У Прыднястроўі ў ліпені 2017 адзначылі 25-ю гадавіну побыту расейскага вайсковага кантынгенту

Кішынэў зьвярнуўся да ААН з просьбай уключыць пытаньне аб поўным вывадзе расейскіх вайскоўцаў з Прыднястроўя ў парадак дня бліжэйшай, 72-й сэсіі Генэральнай Асамблеі.

Адпаведны ліст сталага прадстаўніка Малдовы пры ААН Віктара Марару быў пададзены да ведама 22 жніўня.

У лісьце адзначаецца, што прысутнасьць расейских вайскоўцаў «уяўляе сабою пагрозу для падтрыманьня міжнароднага міру і бясьпекі». Марару папрасіў ААН падтрымаць намаганьні Малдовы, накіраваныя на завяршэньне працэсу «безумоўнага, упарадкаванага і поўнага вываду замежных узброеных сіл зь яе нацыянальнай тэрыторыі».

Сёлета мінула 25 гадоў ад часу, калі дысьлякаваную ў Прыднястроўі 14-тую армію колішняга СССР замяніў расейскі кантынгент, асноўныя мэты якога былі акрэсьленыя як ахова складоў з рэшткамі боепрыпасаў былой 14-й арміі і міратворчая місія. Расейскі вайсковы кантынгент у Прыднястроўі налічвае каля 2 тысяч чалавек.

У 2008 годзе Парлямэнцкая асамблея НАТО прыняла рэзалюцыю, якая заклікала Расею закончыць «сваю незаконную вайсковую прысутнасьць у прыднястроўскім рэгіёне Малдовы ў найбліжэйшай будучыні». Крэмль тады ніяк не адрэагаваў, але летась Расія абвясьціла аб сваім намеры вывесьці свой кантынгент, калі будуць ліквідаваныя склады зброі 14-й арміі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG